пытаньне толькі ў тым, як разумець супольнасьць норм права тых зямель, якія пасьля ўвайшлі ў склад Літоўскай дзяржавы?.. Можна дапусьціць, што Руская Праўда проста перайшла з Кіеўскай Русі ў другія землі і ўжывалася як цэльны комплекс юрыдычных норм. Можна нават паказаць спосаб, якім Рус. Праўда магла ўходзіць у юрыдычны быт другіх зямель—князяваньня адзінай дынастыі Рурыкавічаў. Але тады трудна ўявіць, якім чынам права мясцовае выціснулася правам Рус. Праўды, калі нават шмат пазьней, у XV—XVI ст. ст., за сваё права так хваталася насельнасьць асобных зямель і шанавала яго, ня гледзячы на тое, што рознасьць у праве земскіх прывілеяў можа нам паказацца не настолькі ўжо вялікаю? Руская Праўда была вядома аўтарам Смаленскай Праўды, аднак не яна лягла ў аснову Смаленскага Дагавору, а права сваё мясцовае, і, мабыць, ня толькі смаленскае, раз Полацак і Віцебск ужывалі таксама яе. Аўтары ня сьпісалі з Рускай Праўды свае нормы, таму што ўнесьлі ў Дагавор нормы, невядомыя Рус. Праўдзе, з аднаго боку,—і з другога, па адных і тых-жа пытаньнях далі свой уласны, зусім самастойны адказ. Апрача таго, хто меў магчымасьць увесьці ў сыстэму мясцовага звычаёвага права Рускую Праўду, як збор звычаяў Кіеўскай Русі? Як справядліва адзначае проф. Філіпаў, Руская Праўда „ня была складзена па загаду князёў і ня была іх „статутам"... яны ніколі не прадпісвалі судом ужываць яе пры вырашэньні спраў. Яна ўжывалася дзякуючы сваёй унутраной вартасьці, а ня дзякуючы свайму офіцыяльнаму значэньню"[1]. Сапраўды, Руская Праўда была выгодна тым, што давала гатовую цьвёрдую пісьмовую формулёўку праўным нормам, але чужое звычаёвае права рэцыпіравала гэтую формулёўку толькі ў тых выпадках, калі істота норм была тая-ж самая, ня супярэчыла традыцыйнай правасьвядомасьці, сваёй мясцовай „праўдзе". Прадстаўляць сабе рэцэпцыю Рус. Праўды, як процэс замены ёю мясцовага звычаёвага права, можна толькі недаацаніўшы значэньня консэрватыўнасьці звычаю ў старадаўнюю пару і адхіліўшы з поля ўвагі існаваньне цэлага шэрагу звычаёва-праўных сыстэм зямель, якія ўвайшлі ў склад Літоўскай дзяржавы. Даволі ўспомніць рэцэпцыю візантыцкага права і яе вынікі. А яно-ж уваходзіла (внедрялось) з дапамогаю дзяржаўнай улады, доўга і ўпарта. Асобныя рэзкія спробы рэформ, як замена Уладзімерам вір сьмяротнаю караю, цярпелі няўдачу, стыкаючыся з нязрушным звычаем.
Такім чынам, можна прызнаць, што ўжываньне Рускай Праўды— і пры тым, асобных яе палажэньняў, а не комплексу норм у цэлым—ня зьнішчала мясцовага земскага звычаю, і далейшы процэс разьвіцьця права, які адбываўся ў кожнай зямлі, зьяўляецца разьвіцьцём ня чужога, хоць і падобнага, права, якое мелася ў Рускай Праўдзе, а права свайго, мясцовага.
- ↑ Филипповъ. Учебникъ истории русского права. Ч. І, Юрьевъ, 1914. с. 96.