Ня гледзячы на політычную самастойнасьць беларускіх зямель: Смаленскай, Полацкай і Віцебскай, ім прыходзілася здаўна коордынаваць сваю замежную політыку. Так, дагавор 1229 г. ўтварыў Смаленск, аднак гэты дагавор пашыраў сваю моц і на Полацак і на Віцебск, хоць невядома якім чынам быў зьдзейсьнены ўдзел гэтых апошніх у складаньні Дагавору:
„Тоя правда Латинескомоу възяти оу Роуской земли оу вълъсти князя смольнеского и оу полотьского князя вълъсти н оу витьбеского князя вълъсти“.
Зьмест Дагавору 1229 году рознастайны, але, зразумела, ён ня мог выявіць юрыдычны быт у такой паўнаце, як Руская Праўда, бо мэтаю яго было ўрэгуляваньне міжнародных адносін. Але, мабыць, ужываць у трох землях нормы Дагавору, якія датыкаліся грамадзянскага, крымінальнага права і процэсу, можна было толькі з прычыны вялікага падабенства ў праве гэтых земляў.
Дасьлядоўнік земскіх прывілеяў в. кн. Літоўскага—Якубоўскі, рэстаўрыруючы самы старадаўны тэкст полацкага і віцебскага прывілеяў, прышоў да вываду, што ў аснове іх ляжаць „рады" старадаўніх князёў з зямлёю[1], а дайшоўшы да нас адрывак полацкіх радаў належыць да першай палавіны XIV сталецьця[2]. „Самая старадаўняя частка полацкага і ўвесь віцебскі прывілей вельмі блізкі паміж сабою, так што ў большасьці выпадкаў паўтараюць тыя-ж самыя палажэньні, у тым-жа парадку і амаль у тых-жа самых выразах. Гэтая акалічнасьць наводзіць на думку, што першапачатковы прывілей Вітаўта, аб якім успамінае полацкі прыклей 1511 году, быў выданы ў аднолькавай форме як для полацкай, так і для віцебскай зямлі, і што тая розьніца, якую мы сустракаем у абодвых тэкстах, трэба прыпісаць пацьвярджэньням Сьвідрыгайла і Сыгізмунда (1430—1440 г. г.)“ [3]. Пры складаньні Смаленскага прывілею (не раней 1442 году, па думцы Якубоўскага) узорам мог паслужыць віцебскі прывілей, чым вытлумачваецца дзіўнае падабенства паміж абодвума дакумэнтамі[4].
Як-бы то ні было, можна з пэўнасьцю сказаць, што зьмест гэтых прывілеяў у значнай сваёй частцы фіксуе далёкую старадаўнасьць і, апрача таго, у многіх момантах падобны. Такім чынам, супольнасьць права, якое праявілася ў XIII стал. ва ўтварэньні Смаленскай Праўды, існуе і ў XIV—XV ст. ст.