— Усё гэта лухта... Мне не патрэбна нічыя дапамога, — прамовіў з расстаноўкаю Павел Пятровіч, — і... трэба... ізноў... Ён хацеў быў скубянуць сябе за вус, але рука яго аслабла, вочы закаціліся, і ён знепрытомнеў.
— Вось навіна! Самлеў! З чаго-б! — мімаволі ўскрыкнуў Базараў, апускаючы Паўла Пятровіча на траву. — Паглядзім, што за штука? — Ён выняў насоўку, абцёр кроў, памацаў вакол раны... «Косць цэлая», мармытаў ён праз зубы, — «куля прайшла неглыбока наскрозь, адзін мускул vastus externus, крануты. Хоць скачы праз тры тыдні!.. А, самленне! Ох, ужо гэтыя мне нервовыя людзі. Бач, скура якая тонкая».
— Забітыя? — прашамацеў за яго спіной трапяткі голас Пятра.
Базараў аглянуўся. — Ідзі па ваду хутчэй, брат, а ён нас з табою перажыве.
Але ўдасканалены слуга, здавалася, не разумеў яго слоў і не рухаўся з месца. Павел Пятровіч павольна адплюшчыў вочы. «Канчаецца!» — шапнуў Пётр і пачаў хрысціцца.
— Вы маеце рацыю... Якая дурная фізіяномія! — прагаварыў з натужнаю ўсмешкаю ранены джэнтльмен.
— Ды ідзі-ж па ваду, чорт! — крыкнуў Базараў.
— Не трэба... Гэта быў мінутны vertige[1]... Дапамажыце мне сесці... вось так. Гэту драпіну варта толькі чым-небудзь закруціць, і я дайду дамоў пехатою, а не, дык можна дрожкі па мяне прыслаць. Дуэль, калі вы хочаце, не аднаўляецца. Вы зрабілі пачэсна... сягоння, сягоння — заўважце.
— Пра мінулае ўспамінаць няма чаго, — сказаў на гэта Базараў, — а што да будучыні, дык аб ёй таксама не варта галаву ламаць, таму што я маю намер безадкладна змыцца. Дайце, я вам перавяжу цяпер нагу; рана ваша — не небяспечная, а ўсё лепей спыніць кроў. Але спярша неабходна гэтага смяротнага ачуліць.
Базараў страсянуў Пятра за каўнер і паслаў яго па дрожкі.
— Глядзі, брата не напалохай, — сказаў яму Павел Пятровіч, — не ўздумай яму дакладваць.
Пётр памчаўся; а пакуль ён бегаў па дрожкі, абодва супраціўнікі сядзелі на зямлі і маўчалі. Павел Пятровіч стараўся не глядзець на Базарава; памірыцца з ім ён усё-такі не хацеў, ён сароміўся сваёй пышлівасці, сваёй няўдачы, сароміўся ўсёй заведзенай ім справы, хоць і адчуваў, што больш шчасліва яна скончыцца не магла. «Не будзе, прынамсі, тут тырчэць», супакойваў ён сябе: — «і за гэта дзякуй».
- ↑ Млоснасць.