— Дарэмна-ж ты паважаў мяне ў гэтым выпадку, — сказаў на гэта з панураю ўсмешкаю Павел Пятровіч. — Я пачынаю думаць, што Базараў меў рацыю, калі папракаў мяне ў арыстакратызме. Не, любы брат, годзе нам крыўляцца і думаць аб свеце: мы людзі ўжо старыя і ціхія; пара нам адкласці ўбок ўсякую сумятню. Іменна, як ты кажаш, пачнем выконваць наш абавязак; і паглядзі, мы яшчэ і шчасце атрымаем ў прыдачу.
Нікалай Пятровіч кінуўся абнімаць свайго брата.
— Ты мне зусім адкрыў вочы! — ускрыкнуў ён. — Я не дарэмна заўсёды сцвярджаў, што ты самы добры і разумны чалавек у свеце; а цяпер я бачу, што ты гэтакі-ж пачэсны, як і вялікадушны.
— Цішэй, цішэй, — перапыніў яго Павел Пятровіч. — Не растрывож нагу твайго разумнага брата, які пад пяцьдзесят гадоў біўся на дуэлі, як прапаршчык. Значыцца гэта справа вырашаная: Фенічка будзе маёю... belle-soeur[1].
— Дарагі мой Павел! Але што скажа Аркадзій?
— Аркадзій? Ён будзе здаволены, будзь ласкаў! Шлюб не ў яго прынцыпах, затое пачуццё роўнасці будзе ў ім на месцы. Ды і сапраўды, што за au dix-neuvième siècle[2]?
— Ах, Павел, Павел! Дай мне яшчэ раз цябе пацалаваць. Не бойся, я асцярожна.
Браты абняліся.
— Як ты лічыш? Ці не абвясціць ёй твой намер зараз-жа? — спытаўся Павел Пятровіч.
— Чаго спяшацца? — сказаў на гэта Нікалай Пятровіч. — Хіба ў вас была гутарка?
— Гутарка у нас? Quelle idée[3]!
— Ну, і добра. Раней за ўсё папраўляйся, а гэта ад нас не ўцячэ, трэба падумаць добра, абмеркаваць...
— Але-ж ты вырашыў?
— Канешне, вырашыў, і дзякую табе ад душы. Я цяпер цябе пакіну, табе трэба адпачыць; усякае хваляванне табе шкодна... Але мы яшчэ пагаворым. Засні, душа мая, і дай бог табе здароўя!
«За што ён мяне так дзякуе?» падумаў Павел Пятровіч, застаўшыся адзін. «Як быццам гэта не ад яго залежала! А я, як толькі ён ажэніцца, паеду куды-небудзь падалей, у Дрэздэн або ў Фларэнцыю, і буду там жыць, пакуль акалею».
Павел Пятровіч памачыў сабе лоб адэкалонам і заплюшчыў вочы. Асветленая яркім дзённым святлом, яго прыгожая, схудзелая галава ляжала на белай падушцы, як галава мерцвяка... Ды ён і быў мярцвяк.