дарожцы і кончыкам раскрытага парасончыка варушыла вушы Фіфі) і не спяшаючыся прамовіла:
— Я адна.
— Я гэта бачу, — адказала тая са смехамі, — ён, значыцца, пайшоў да сябе.
— Але.
— Вы разам чыталі.
— Але.
Анна Сяргееўна ўзяла Кацю за падбародак і прыпадняла яе твар.
— Вы не пасварыліся, спадзяюся?
— Не, — сказала Каця і ціха адвяла сястрыну руку.
— Як ты ўрачыста адказваеш! Я думала знайсці яго тут і прапанаваць яму пайсці гуляць са мною. Ён сам мяне ўсё просіць аб гэтым. Табе з горада прывезлі чаравікі, ідзі прымер іх: я ўжо ўчора заўважыла, што твае ранейшы зусім знасіліся. Наогул, ты не даволі гэтым займаешся, а ў цябе яшчэ такія чароўныя ножкі! І рукі прыгожыя... толькі вялікія; дык трэба ножкамі браць. Але ты ў мяне не какетка.
Анна Сяргееўна накіравалася далей па дарожцы, злёгку шамоцячы сваім прыгожым плаццем; Каця паднялася з услона і, узяўшы з сабою Гейне, пайшла таксама — толькі не прымяраць чаравікі.
«Чароўныя ножкі, — думала яна, павольна і лёгка ўзыходзячы па гарачых ад сонца каменных усходках тэрасы, — чароўныя ножкі, кажаце вы... Ну, ён і будзе ля іх».
Але ёй зараз-жа стала сорамна; і яна спрытна пабегла ўверх.
Аркадзій пайшоў па калідоры да сябе ў пакой; дварэцкі дагнаў яго і далажыў, што ў яго сядзіць пан Базараў.
— Еўгеній! — прамармытаў амаль з спалохам Аркадзій, — ці даўно ён прыехаў?
— Вось толькі мелі ласку з’явіцца і загадалі пра сябе Анне Сяргееўне не дакладваць, а проста да вас сябе загадалі правесці.
«Ужо ці не няшчасце якое ў нас дома», падумаў Аркадзій і, хапатліва ўбегшы па лесніцы, адразу адчыніў дзверы. Выгляд Базарава зараз-жа яго супакоіў, хоць больш спрактыкаванае вока, напэўна, знайшло-б у энергічнай па-ранейшаму, але асунутай постаці нечаканага гасця адзнакі ўнутранага хвалявання. З пыльным шынялём на плячах, з шапкаю на галаве, сядзеў ён на падваконні; ён не падняўся і тады, калі Аркадзій кінуўся з шумнымі ўскрыкамі да яго на шыю.
— Вось нечакана! Як гэта так! — гаварыў усё ён, мітуся-