якой ступені, заміраючы ад удзячнасці і ад сораму, можа быць шчаслівы на зямлі чалавек.
На наступны дзень, раніцою, Анна Сяргееўна загадала паклікаць Базарава да сябе ў габінет і з вымушаным смехам падала яму складзены лісток паштовай паперы. Гэта быў ліст ад Аркадзія: ён у ім прасіў рукі яе сястры.
Базараў шпарка прабег ліст і зрабіў патугу над сабою, каб не выказаць злараднага пачуцця, якое раптоўна ўзгарэлася ў яго ў грудзях.
— Вось як, — прагаварыў ён, — а вы, здаецца, не далей як учора, думалі, каб ён любіў Кацярыну Сяргееўну, як брат. Што-ж вы намераны цяпер зрабіць?
— Што вы мне параіце? — спыталася Анна Сяргееўна, усё смеючыся.
— Ды я лічу, — адказаў Базараў таксама са смехам, хоць яму зусім не было весела і ані не хацелася смяяцца, гэтак-жа, як і ёй: — я лічу, трэба блаславіць маладых людзей. Партыя ва ўсіх адносінах добрая; Кірсанаў досыць багаты чалавек, ён адзін сын у бацькі, ды і бацька добры хлапчына, пярэчыць не будзе.
Одзінцова прайшлася па пакоі. Яе твар папераменна чырванеў і бялеў.
— Вы думаеце? — прамовіла яна. — Што-ж? Я не бачу перашкод... Я рада за Кацю... і за Аркадзія Нікалаевіча... Зразумела, я пачакаю адказу бацькі. Я яго сама да яго пашлю. Але вось і выходзіць, што я праўду казала ўчора, калі я гаварыла вам, што мы абое ўжо старыя людзі... Як гэта я нічога не бачыла? Гэта мяне дзівіць!
Анна Сяргееўна ізноў засмяялася — і зараз-жа адвярнулася.
— Цяперашняя моладзь дужа хітрая стала, — заўважыў Базараў і таксама засмяяўся. — Бывайце, — загаварыў ён ізноў, пасля невялікага маўчання. — Жадаю вам скончыць гэту справу самым прыемным чынам; а я здалёк парадуюся.
Одзінцова шпарка павярнулася да яго.
— Хіба вы едзеце? Чаму вам цяпер не застацца? Застаньцеся... з вамі гаварыць весела.. нібы на краі прорвы ходзіш. Спярша баішся, а потым адкуль смеласць возьмецца. Застаньцеся.
— Дзякую за прапанову, Анна Сяргееўна, і за добрую думку пра мае размоўныя таленты. Але я лічу, што я ўжо і так занадта доўга кружыў у чужой для мяне сферы. Лятучыя рыбы некаторы час могуць патрымацца на паветры, але неўзабаве, павінны пляснуцца ў ваду; дазвольце-ж і мне плюхнуцца ў маю стыхію.
Одзінцова паглядзела на Базарава. Горкая ўсмешка па-