чога!», таропка адказаў бедны Васілій Іванавіч. Гэткімі-ж бясплоднымі засталіся яго палітычныя намёкі. Загаварыўшы аднойчы, наконт блізкага вызвалення сялян, аб прагрэсе, ён спадзяваўся ўзняць спачуванне свайго сына; але той роўнадушна прамовіў: «Учора я праходзіў міма плота і чую, тутэйшыя сялянскія хлопчыкі, заместа якой-небудзь старой песні, гарланяць: «Время верное приходит, сердце чувствует любовь...» вось табе і прагрэс».
Часам Базараў ішоў на вёску і, падсміхаючыся як зазвычай, пачынаў гутарыць з якім-небудзь мужыком. «Ну», казаў ён яму, «выкладай мне свае погляды на жыццё, брат: у вас-жа, кажуць, уся сіла і будучыня Расіі, ад вас пачынаецца новая эпоха ў гісторыі, — вы нам дасцё і мову сапраўдную, і законы». Мужык або не адказваў нічога, або вымаўляў словы накшталт наступных: «А мы можам... таксама, таму значыць... які паложаны ў нас, прыкладам, прыдзел». — «Ты мне растлумач, што такое ёсць ваш свет? — перапыняў яго Базараў: — і ці той гэта самы свет, што на трох рыбах стаіць?»
— Гэта, бацюхна, зямля стаіць на трох рыбах, — заспакойліва, з патрыярхальна-добрадушнаю пявучасцю тлумачыў мужык, — а супроць нашага, значыць, свету, вядома, панская воля; таму вы нашы айцы. А чым стражэй пан спагоніць, тым мілей мужыку.
Выслухаўшы гэткую гутарку, Базараў аднойчы пагардліва паціснуў плячыма і адвярнуўся, а мужык паплёўся дамоў.
— Пра што гаварыў? — спытаўся ў яго другі мужык сярэдніх гадоў і панурага выгляду, здалёк з парога сваёй хаты, які быў пры гутарцы з Базаравым. — Пра нядоімку, ці што?
— Якое пра нядоімку, браток ты мой! — адказаў першы мужык, і ў голасе яго ўжо не было следу патрыярхальнай пявучасці, а, наадварот, чулася нейкая нядбайная суровасць: — так, балбатаў тое-сёе, язык пачасаць захацелася. Вядома, барын; хіба ён што разумее!
— Дзе зразумець! — адказаў другі мужык і, трасянуўшы шапкамі і абцягнуўшы дзягі, абое яны пачалі разважаць пра свае справы і патрэбы. Авохці! Базараў, які пагардліва паціскаў плячом, умеў гаварыць з мужыкамі (як хваліўся ён у спрэчцы з Паўлам Пятровічам), гэты самаўпэўннены Базараў і не падазраваў, што ён у іх вачах быў усё-такі нечым накшталт блазна гарохавага...
Аднак, ён знайшоў, нарэшце, сабе завятак. Аднойчы пры ім Васілій Іванавіч перавязваў мужыку раненую нагу, але рукі трэсліся ў старога, і ён не мог справіцца з бінтамі; сын