Праз дні тры Базараў увайшоў да бацькі ў пакой і спытаўся, ці няма ў яго пякельнага камня?
— Ёсць: на што табе?
— Трэба... ранку прыпячы.
— Каму?
— Сабе.
— Як сабе! На што-ж гэта? Якая гэта рана? Дзе яна?
— Вось тут на пальцы. Я сягоння ездзіў у вёску, ведаеш адтуль тыфознага мужыка прывозілі. Яны чамусьці ўскрываць яго збіраліся, а я даўно ў гэтым не практыкаваўся.
— Ну?
— Ну, вось я і папрасіў павятовага ўрача; ну, і парэзаўся.
Васілій Іванавіч раптам збялеў увесь і, ні слова не кажучы, кінуўся ў габінет, адкуль зараз-жа вярнуўся з кавалачкам пякельнага камня ў руцэ. Базараў хацеў быў узяць яго і пайсці.
— Самім богам прашу, прамовіў Васілій Іванавіч: — дазволь мне зрабіць самому.
Базараў усміхнуўся. — Які ты ахвотнік да практыкі.
— Не жартуй, калі ласка. Пакажы свой палец. Ранка-то невялікая. Не баліць?
— Напірай мацней, не бойся.
Васілій Іванавіч спыніўся. — Як ты мяркуеш, Еўгеній, ці не лепей нам прыпячы жалезам?
— Гэта-б раней трэба было зрабіць, а цяпер, па-сапраўднаму, і пякельны камень не патрэбен. Калі я заразіўся, дык ужо цяпер позна.
— Як, позна... — ледзь мог выгаварыць Васілій Іванавіч.
— Канешне! з таго часу гадзіны чатыры прайшло з гакам.
Васілій Іванавіч яшчэ трохі прыпёк рану. — Ды хіба ў павятовага лекара не было пякельнага камня?
— Не было.
— Як-жа гэта, божа мой! Урач — не мае такой неабходнай рэчы!
— Ты-б паглядзеў на яго ланцэты, — прамовіў Базараў і вышаў вон.
Да самага вечара і на працягу ўсяго наступнага дня Васілій Іванавіч прыдзіраўся да ўсіх магчымымых повадаў, каб уваходзіць у пакой сына, і хоць ён не толькі не спамінаў аб яго ране, але нават стараўся гаварыць пра самыя староннія рэчы, аднак ён так упарта заглядаў яму ў вочы і так трывожна наглядаў за ім, што Базараў страціў цярпенне і пагразіўся паехаць. Васілій Іванавіч даў яму слова не турбавацца, тым больш што і Арына Влас’еўна, ад якой ён, зразумела, усё схаваў, пачынала прыставаць да яго, чаму ён не