Перамена на лепшае цягнулася нядоўга. Прыступы хваробы аднавіліся. Васілій Іванавіч сядзеў каля Базарава. Здавалася, нейкая асаблівая пакута разрывала старога. Ён некалькі разоў збіраўся гаварыць — і не мог.
— Ёўгеній! — вымавіў ён, нарэшце: — сын мой, дарагі мой, любы сын.
Гэты незвычайны зварот падзейнічаў на Базарава... Ён павярнуў крыху галаву і, відаць, сілячыся выбіцца з-пад цяжару давіўшага яго забыцця, вымавіў: — Што, мой бацька?
— Еўгеній, — казаў Васілій Іванавіч і апусціўся на калені перад Базаравым, хоць той не расплюшчваў вачэй і не мог яго бачыць. — Еўгеній, табе цяпер лепей; ты, бог дасць, ачуняеш: але скарыстай гэты час, суцеш нас з маткаю, выканай абавязак хрысціяніна! Як мне гэта табе гаварыць, гэта жудасна; але яшчэ больш жудасна... навек-жа, Еўгеній... ты падумай, як...
Голас старога перарываўся, а па твары яго сына, хоць Ён і ляжаў усё з заплюшчанымі вачыма, прапаўзло нешта дзіўнае. — Я не адмаўляюся, калі гэта можа вас суцешыць, — прамовіў ён, нарэшце — але мне здаецца, спяшацца яшчэ няма чаго. Ты сам кажаш, што мне лепей.
— Лепей, Еўгеній, лепей; але хто ведае, гэта-ж ўсё ў руках божых, а выканаўшы абавязак...
— Не, я пачакаю, перапыніў Базараў. — Я згодзен з табою, што надышоў крызіс. А калі мы з табою памыліліся, што-ж і бяспамятных прычашчаюць.
— Злітуйся, Еўгеній...
— Я пачакаю. А цяпер й хачу спаць. Не перашкаджай мне. — І ён паклаў галаву на ранейшае месца.
Стары падняўся, сеў на крэсла і, узяўшыся за падбародак, пачаў кусаць сабе пальцы...
Стук рэсорнага экіпажа, той стук, які так асабліва заўважаецца ў вясковай глушы, раптоўна здзівіў яго. Бліжэй, бліжэй каціліся лёгкія колы; вось пачулася ўжо фырканне коней... Васілій Іванавіч усхапіўся і кінуўся да акна. На дварэ яго дамка, запрэжаная чацвярнёй, уязджала двумесная карэта. Не ведаючы яшчэ, што-б гэта магло значыць, у парыве нейкай бяссэнсавай радасці, ён выбег на ганак... Ліўрэйны лёкай адчыняў дзверкі карэты; дама пад чорным вуалем, у чорнай мантыллі выходзіла з яе...
— Я Одзінцова, — прамовіла яна. — Еўгеній Васільевіч жыў? Вы бацька яго? Я прывезла з сабою доктара.
— Дабрадзейка! — ускрыкнуў Васілій Іванавіч і, схапіўшы яе руку, сударгава прыціснуў яе да сваіх губ, між тым як прывезены Аннай Сяргееўнай доктар, маленькі чалавек у