пешчанай нядбайнасцю, не чакаючы адказаў; збалованыя дзеці так гавораць з сваімі нянькамі.
— Мяне завуць Аркадзій Нікалаевіч Кірсанаў, — прагаварыў Аркадзій: — і я нічым не займаюся.
Еўдаксія зарагатала. — Вось гэта міла! Што, вы не курыце? Віктар, вы ведаеце, я на вас сярдзітая.
— За што?
— Вы, кажуць, ізноў пачалі хваліць Жорж Санда. Адсталая жанчына — і больш нічога! Як можна параўнаць яе з Эмерсонам[1]! Яна ніякіх ідэй не мае ні аб выхаванні, ні аб фізіялогіі, ні аб чым. Яна, я ўпэўнена, і не чула аб эмбрыялогіі, а ў наш час як вы хочаце без гэтага? (Еўдаксія нават рукі расставіла). Ах, які дзіўны артыкул з гэтага поваду напісаў Елісевіч! Гэта геніяльны пан! (Еўдаксія заўсёды ўжывала слова «пан» заместа «чалавек»). Базараў, сядзьце каля мяне на канапу. Вы, можа быць, не ведаеце, я страшэнна вас баюся.
— Гэта чаму? Дазвольце пацікавіцца.
— Вы небяспечны пан; вы такі крытык. Ах, божа мой! — мне смешна, я гавару, як якая-небудзь стэпавая памешчыца. Урэшце, я сапраўды памешчыца. Я сама маёнткам кірую, і, уявіце, у мяне стараста Ерафей — дзіўны тып, быццам Патфайндэр Купера[2], нешта такое ў ім непасрэднае. Я зусім асела тут; брыдкі горад, праўда? Але што рабіць?
— Горад як горад, — з халодным спакоем заўважыў Базараў.
— Усё такія дробныя інтарэсы, — вось што жудасна! Раней я зімамі жыла ў Маскве... але цяпер там знаходзіцца мой добрадзейны муж, мас’ё Кукшын. Ды і Масква цяпер... ужо я не ведаю — таксама ўжо не тое. Я думаю з’ездзіць за мяжу; я ў мінулым годзе ўжо зусім была сабралася.
— У Парыж, зразумела? — спытаўся Базараў.
— У Парыж і ў Гейдэльберг.
— Чаму ў Гейдэльберг?
— Злітуйцеся, там Бунзен!
На гэта Базараў нічога не знайшоў адказаць.
— Pierre[3] Сапожнікаў... вы яго ведаеце?
— Не, не ведаю.
— Злітуйцеся, Pierre Сапожнікаў... ён яшчэ заўсёды ў Лідзіі Хастатавай бывае.
— Я і яе не ведаю.
— Ну вось, ён узяўся мяне праважаць... Дзякуй богу, я свабодная, у мяне няма дзяцей... Што гэта я сказала: дзякуй богу! Урэшце, гэта ўсёроўна.
Еўдаксія скруціла папяросу сваімі пабурэлымі ад табаку