пальцамі, правяла па ёй языком, пасмактала яе і закурыла. Увайшла прыслужніца з падносам.
— А, вось і снеданне! Хочаце закусіць? Віктар, адкаркуйце бутэльку; гэта па вашай часці.
— Па маёй, па маёй, — прамармытаў Сітнікаў і зноў вераскліва засмяяўся.
— Тут ёсць харошанькія жанчыны? — спытаўся Базараў, дапіваючы трэцюю чарку.
— Ёсць, — адказала Еўдаксія: — ды ўсе яны такія пустыя. Напрыклад mon ami[1] Одзінцова — нябрыдкая. Шкада, што рэпутацыя ў яе нейкая... Урэшце, гэта-б нічога, але ніякай вольнасці поглядаў, ніякай шырыні, нічога... гэтага. Усю сістэму выхавання патрэбна змяніць. Я пра гэта ўжо думала; нашы жанчыны вельмі дрэнна выхаваны.
— Нічога вы з імі не зробіце, — падхапіў Сітнікаў. — Імі варта пагарджаць, і я імі пагарджаю, цалкам і поўнасцю! (Магчымасць пагарджаць і выказваць сваю пагарду было самым прыемным адчуваннем для Сітнікава; ён асабліва нападаў на жанчын, не падазраючы таго, што яму мелася некалькі месяцаў потым поўзаць перад сваёй жонкай, таму толькі, што яна была ўраджоная князёўна Дурдалесава.) Ні адна з іх не змагла-б зразумець нашу гутарку; ні адна з іх не варта таго, каб мы, сур’ёзныя мужчыны, гаварылі пра яе.
— Ды ім зусім не трэба разумець нашу гутарку, — прамовіў Базараў.
— Пра каго вы гаворыце? — умяшалася Еўдаксія.
— Пра харошанькіх жанчын.
— Як? Вы, значыцца, падзяляеце думку Прудона!
Базараў напышліва выпрастаўся. — Я нічыіх думак не падзяляю: я маю свае.
— Далоў аўтарытэты! — закрычаў Сітнікаў, узрадаваўшыся выпадку рэзка выразіцца ў прысутнасці чалавека, перад якім упадаў.
— Але сам Макалей, — пачала было Кукшына.
— Далоў Макалея! — загрымеў Сітнікаў. — Вы заступаецеся за гэтых бабёнак?
— Не за бабёнак, а за правы жанчын, якія я паклялася абараняць да апошняй кроплі крыві.
— Далоў! — Але тут Сітнікаў спыніўся. — Ды я іх не адмаўляю, — прамовіў ён.
— Не, я бачу, вы славянафіл!
— Не, я не славянафіл, хоць канешне...
— Не, не, не! Вы славянафіл. Вы паслядоўца Дамастроя. Вам-бы плётку ў рукі!
— Плётка — справа добрая, — заўважыў Базараў: — толькі ў мы вось дабраліся да апошняй кроплі...
- ↑ Мой друг.