— Чаго? — перапыніла Еўдаксія.
— Шампанскага, шаноўнейшая Аўдоц’я Нікіцішна, — шампанскага, не вашай крыві.
— Я не магу чуць роўнадушна, калі нападаюць на жанчын, — казала калей Еўдаксія. — Гэта жудасна, жудасна. Заместа таго, каб нападаць на іх, прачытайце лепш кнігу Мішле: De l'amour[1]. Гэта дзівоснасць! Панове, будземце гаварыць пра каханне, — дадала Еўдаксія, млосна ўпусціўшы руку на змятую падушку канапы.
Настала раптоўна маўчанне.
— Не, нашто гаварыць пра каханне, — прамовіў Базараў: — а вось вы спамянулі пра Одзінцову... Гэтак, здаецца, вы яе назвалі? Хто гэта пані?
— Любата, любата! — запішчэў Сітнікаў. — Я вас пазнаёмлю. Разумніца, багачка, удава. На жаль, яна яшчэ не даволі развітая: ёй-бы трэба з нашаю Еўдаксіяю бліжэй пазнаёміцца. П’ю за ваша здароўе, Eudoxie! Чокнемся! «Et toc, et toc, et tin-tin-tin! Et toc, et toc, et tin-tin-tin!![2]»
— Victor, вы балаўнік.
Снеданне цягнулася доўга. За першай бутэлькай шампанскага пайшла другая, трэцяя і нават чацвертая... Еўдакія лапатала без сціхання; Сітнікаў ёй дапамагаў. Шмат гаварылі яны пра тое, што такое шлюб — прыхамаць ці злачынства, — і якія родзяцца людзі — аднолькавыя ці не? і ў чым, уласна, індывідуальнасць? Справа дайшла, нарэшце, да таго, што Еўдаксія, уся чырвоная ад выпітага віна і стукаючы плюскатымі пазногцямі па клавішах расстроенага фартэпіяна, пачала пець сіплым голасам спярша цыганскія песні, потым раманс Сеймур-Шыфа: «Дрэмле сонная Гранада», а Сітнікаў павязаў галаву шарфам і ўдаваў заміраўшага любоўніка, пры словах:
И уста твои с моими |
Аркадзій не вытрымаў нарэшце. «Панове, ужо гэта нешта на Бедлам[3] падобна стала», заўважыў ён уголас. Базараў, які толькі зрэдку ўстаўляў у гутарку кплівае слова — ён займаўся больш шампанскім — моцна пазяхнуў, устаў і, не развітваючыся з гаспадыняй, вышаў вон разам з Аркадзіем. Сітнікаў усхапіўся ўслед за імі.
— Ну што, ну што? — пытаўся ён, лісліва забягаючы то справа, то злева. — Я-ж казаў вам: выдатная асоба! Вось якіх-бы нам жанчын паболей! Яна ў сваім родзе — высока маральная з’ява.
— А гэта зявядзенне твайго бацькі — таксама маральная з’ява? — прамовіў Базараў, ткнуўшы пальцам на шынок, міма якога яны ў гэты момант праходзілі.