добрых кніг і гаварыла правільнай рускаю моваю. Яна навяла гутарку на музыку, але, заўважыўшы, што Базараў, не прызнае мастацтва, паціхоньку вярнулася да батанікі, хоць Аркадзій і пусціўся быў гаварыць пра значэнне народных мелодый. Одзінцова не кідала абыходзіцца з ім, як з малодшым братам: здавалася, яна цаніла ў ім дабрату і простадушнасць маладосці — і толькі. Гадзіны тры з нечым цягнулася гутарка павольная, рознастайная і жывая.
Прыяцелі, нарэшце, падняліся і сталі развітвацца. Анна Сяргееўна ласкава паглядзела на іх, падала абодвум сваю прыгожую белую руку і, падумаўшы крыху, з нерашучасцю, але добраю ўсмешкаю прагаварыла: — Калі вы, панове, не баіцеся нуды, прыязджайце да мяне ў Нікольскае.
— Злітуйцеся, Анна Сяргееўна, — ускрыкнуў Аркадзій, — я за асаблівае шчасце палічу...
— А вы, мс’е Базараў?
Базараў толькі пакланіўся, — і Аркадзію ў апошні раз прышлося здзівіцца: ён заўважыў, што прыяцель яго пачырванеў.
— Ну? — казаў ён яму на вуліцы. — Ты ўсё той-жа думкі, што яна — ой, ой, ой?
— А хто яе ведае! Бач, як яна сябе замарозіла! — сказаў на гэта Базараў і, памаўчаўшы крыху, дадаў: — герцагіня, уладарная асоба. Ёй-бы толькі шлейф ззаду насіць, ды карону на галаве.
— Нашы герцагіні так па-руску не гавораць, — заўважыў Аркадзій.
— У пераробцы была, брат ты мой, нашага хлеба паела.
— А ўсё-такі яна любата, — прамовіў Аркадзій.
— Гэткае багатае цела! — казаў далей Базараў: — хоць зараз у анатамічны тэатр.
— Кінь, богам прашу, Еўгеній! Гэта нікуды не варта.
— Ну, не злуй, далікатун. Сказана — першы сорт. Трэба будзе паехаць да яе.
— Калі?
— Ды хоць паслязаўтра. Што нам тут рабіць. Шампанскае з Кукшынай піць? Сваяка твайго, ліберальнага саноўніка, слухаць?.. Паслязаўтра-ж і махнем. Дарэчы — і майго бацькі сядзіба адтуль недалёка. Гэта-ж Нікольскае па *** дарозе.
— Але.
— Optime[1]. Няма чаго марудзіць; марудзяць адны дурні — ды разумнікі.
Праз тры дні абодва прыяцелі кацілі па дарозе ў Нікольскае. Дзень стаяў светлы і не надта гарачы, і фурманскія сытыя конікі дружна беглі, злёгку памахваючы сваімі
- ↑ Дасканала, добра.