— Гэта ты ўсё сама нарвала? — спыталася Одзінцова.
— Сама, — адказала Каця.
— А цётка прыдзе к чаю?
— Прыдзе.
Калі Каця гаварыла, яна вельмі міла ўсміхалася, сарамяжна і адкрыта, і глядзела, неяк забаўна-сурова, знізу ўверх. Усё ў ёй было яшчэ молада-зелена: і голас, і пушок на ўсім твары, і ружовыя рукі з белаватымі кружкамі на далонях, і ледзь-ледзь сціснутыя плечы... Яна безупынна чырванела і шпарка перадыхвалася.
Одзінцова звярнулася да Базарава. — Вы з далікатнасці разглядаеце карцінкі, Еўгеній Васільіч, — пачала яна. — Вас гэта не цікавіць. Падсуньцеся лепей да нас і давайце паспрачаемся аб чым-небудзь.
Базараў падышоў. — Аб чым загадаеце-с? — прамовіў ён.
— Аб чым хочаце. Папярэджваю вас, што я страшэнная спрэчніца.
— Вы?
— Я. Вас гэта як быццам здзіўляе. Чаму?
— Таму што, паколькі я магу меркаваць, у вас нораў спакойны і халодны, а для спрэчкі патрэбна захапленне.
— Як гэта вы паспелі мяне ўведаць так хутка? Я, па-першае, нецярплівая і ўпартая, спытайцеся лепш у Каці; а па-другое, я вельмі лёгка захапляюся.
Базараў паглядзеў на Анну Сяргееўну. — Можа быць, вам лепш ведаць. Значыцца, вам хочацца спрачацца, — калі ласка. Я разглядаў віды Саксонскай Швейцарыі ў вашым альбоме, а вы мне заўважылі, што гэта мяне зацікавіць не можа. Вы гэта сказалі таму, што не дапускаеце ва мне мастацкага сэнсу, — але, ва мне сапраўды яго няма; але гэтыя віды маглі мяне зацікавіць з пункту гледжання геалагічнага, з пункту гледжання фармацыі гор, напрыклад.
— Прабачце, як геолаг, вы хутчэй да кнігі звернецеся, да спецыяльнага твору, а не да малюнка.
— Малюнак наглядна дасць уявіць мне тое, што пададзена ў кнізе на цэлых дзесяці старонках.
Анна Сяргееўна памаўчала.
— І так-такі ў вас ні кропелькі мастацкага сэнсу, няма? — прамовіла яна, аблакаціўшыся на стол і гэтым самым рухам наблізіўшы свой твар да Базарава. — Як-жа вы гэта без яго абыходзіцеся?
— А на што ён патрэбен, дазвольце запытацца.
— Ды хоць на тое, каб умець пазнаваць і вывучаць людзей.
Базараў усміхнуўся. — Па-першае, на гэта існуе жыццёвая практыка; а, па-другое, далажу вам, вывучаць паасобных