ёй, нават не глянула на яе, толькі паварушыла рукамі пад жоўтаю шаллю, якая пакрывала амаль усё яе шчуплае цела. Князёўна любіла жоўты колер: у яе і на чапцы былі ярка-жоўтыя істужкі.
— Як вы спачывалі, цётухна? — спыталася Одзінцова, панізіўшы голас.
— Ізноў гэты сабака тут, — прабурчэла ў адказ старая, і, заўважыўшы, што Фіфі зрабіў два нерашучыя крокі ў кірунку да яе, ускрыкнула: — брысь, брысь!
Каця пазвала Фіфі і адчыніла дзверы.
Фіфі радасна кінуўся вон, у надзеі, што яго павядуць гуляць, але, застаўшыся адзін за дзвярыма, пачаў скрэбсціся і вішчэць. Князёўна нахмурылася, Каця хацела было выйсці...
— Я думаю, чай гатовы? — прамовіла Одзінцова. — Панове, пойдземце; цётухна, проша чай піць.
Князёўна моўчкі ўстала з крэсла і першая вышла з гасцінай. Усе накіраваліся следам за ёю ў сталовую. Казачок у ліўрэі з шумам адсунуў ад стала абкладзенае падушкамі, таксама запаветнае, крэсла, у якое апусцілася князёўна; Каця, якая разлівала чай, першай ёй падала кубак з размалёваным гербам. Старая паклала сабе мёду ў кубак (яна лічыла, што чай піць з цукрам і грэшна, і дорага, хоць сама не траціла ні капейкі ні на што) і раптам спыталася хрыплым голасам:
— А што піша кнесь Іван?
Ёй ніхто не адказаў. Базараў і Аркадзій хутка здагадаліся, што на яе не звярталі ўвагі, хоць абыходзіліся з ёю пачціва. «Для пыхі трымаюць, таму што княжаскае ўроддзе», падумаў Базараў... Пасля чаю Анна Сяргееўна запрапанавала пайсці гуляць, але пачаў накрапваць дожджык, і ўся кампанія, за выключэннем князёўны, вярнулася ў гасціную. Прыехаў сусед, аматар картачнай гульні, па імені Парфірый Платоныч, тоўсценькі, сівенькі чалавек з кароценькімі, нібы вытачанымі ножкамі, вельмі далікатны і смяшлівы. Анна Сяргееўна, якая гаманіла ўсё больш з Базаравым, спыталася ў яго — ці не хоча ён згуляць з імі па-старамоднаму ў прэферанс. Базараў згадзіўся, кажучы, што яму трэба загадзя падрыхтавацца да пасады павятовага лекара, якая яго чакае, наперадзе.
— Беражыцеся, — заўважыла Анна Сяргееўна, — мы з Парфірыем Платонычам вас разаб’ем. А ты, Каця, — дадала яна, — сыграй што-небудзь Аркадзію Нікалаевічу; ён любіць музыку, мы дарэчы паслухаем.
Каця неахвотна падышла да фартэпіяна, і Аркадзій, хоць сапраўды любіў музыку, неахвотна пайшоў за ёю: яму здавалася, што Одзінцова яго адсылае, — а ў яго на