пасаду сьпяшаюся, бо стараннасьцю і рачэньнем хачу загладзіць усе віны мае ў папушчэньні на службе; далейшае-ж апавяданьне пра ўсе здарэньні і прыгоды з афіцэрамі адкладаю да вечара.
З пашанаю да вас і сардэчным каханьнем
Макар Дзевушкін.
Ліпеня 28.
Эх, Барбарачка, Барбарачка! Вось якраз цяпер грэх на вашым баку і на сумленьні вашым застанецца. Лістом сваім вы мяне з панталыку зусім зьбілі, азадачылі ды ўжо толькі цяпер, калі я ў вольны час у нутро сэрца майго зазірнуў, дык і пабачыў, мая праўда была, зусім мая праўда была. Я не пра п'янства маё кажу (ну яго, матачка, ну яго!), а пра тое, што я кахаю вас і што зусім не няпрыстойна мне было кахаць вас, зусім не няпрыстойна. Вы, матачка, ня ведаеце нічога; а вось калі-б ведалі толькі, чаму гэта ўсё, чаму гэта я павінен вас кахаць, дык вы ня тое-б сказалі. Вы гэта ўсё да толку толькі так кажаце, а я ўпэўнены, што на сэрцы ў вас зусім ня тое.
Матачка мая, я і сам ня ведаю і ня памятаю добра ўсяго, што было ў мяне з афіцэрамі. Трэба вам заўважыць, анёлачак мой, што да таго часу быў я ўсяроўна як сам ня свой. Уявеце сабе, што ўжо цэлы месяц, так сказаць, на адней нітачцы трымаўся. Становішча было нэндзнае. Ад вас то я хаваўся, ды і дома таксама, але гасп ыня мая гарміда нарабіла. Яно-б мне і нічога. Няхай-бы і крычала баба нягодная, ды адно тое, што сорам, а па другое тое, што яна, бог