Старонка:Бедныя людзі.pdf/126

Гэта старонка не была вычытаная

ботаў хадзіць. Я перацярплю, і ўсё перанясу, мне нічога; чалавек-жа я просты, маленькі, — але што людзі скажуць? — Ворагі мае, злыя языкі гэтыя ўсе што загавораць, калі бяз шынэлі пойдзеш? Дзеля людзей-жа і ў шынэлі ходзіш, ды і боты, мабыць, дзеля іх-жа носіш. Боты ў такім выпадку, матачка, душачка вы мая, патрэбны мне дзеля падтрыманьня гонару і добрага імя; у дзіравых-жа ботах і тое і гэтае прапала, — дайце веры, матачка, практыцы маёй шматгадовай дайце веры; мяне, старога, які ведае сьвет і людзей, паслухайце, а не пачкуноў якіхнебудзь і задрыпаў.

А я вам яшчэ і не расказваў падрабязна, матачка, як гэта сапраўды ўсё было сёньня, чаго я нацярпеўся сёньня. А таго я нацярпеўся, гэтулькі пакуты душэўнай у адну раніцу перанёс, чаго іншы і за цэлы год не перанясе. Вось яно было як: — пайшоў, па-першае, я, рана-раненька, каб і яго застаць, ды і на службу пасьпець. Дождж быў такі, сьлякаць такая была сёньня! Я, ясачка мая, у шынэль захутаўся, іду-іду, Ды ўсё думаю: — божухна! прабач, знацца, мае грахі, і пашлі спаўненьне жаданьняў. — Паўз энскай царквы пайшоў, перахрысьціўся, ва ўсіх грахох пакаяўся, ды ўспомніў, што няпрыстойна мне з богам умаўляцца. Унурыўся я ў сябе самога, і пазіраць ні на вошта не хацелася; так ужо, не разьбіраючы дарогі, пайшоў, на вуліцах было пуста, а хто страчаўся, дык усё такія занятыя, злыя, заклапочаныя, ды і ня дзіва: хто ў такую рань і ў такое надвор'е гуляць пойдзе! Арцель работнікаў запэцканых спаткалася са мной;