дасьць! І чалавек-жа я незнаёмы, і справа мая ненадзейная, і постаць мая ня вельмі што, — ну, думаю, што лёс пашле; хаця каб пасьля ня каяцца, за спробу не зьядуць-жа мяне, — ды і адчыніў паціхутку фортку. А тут другая бяда: накінуўся на мяне паганы, неразумны сабачка; лезе з скуры, заходзіцца! — І вось якіясьці подлыя, дробныя выпадкі і разгневаюць заўсёды чалавека, матачка, і страх на яго нагоняць, і ўсю рашучасьць, якую загадзя абдумаў, зьнішчаць; вось чаму я зайшоў у дом ні жывы, ні мёртвы, увайшоў ды проста яшчэ на бяду, — не разгледзеў, што такое ўнізе ў пацёмку каля парога, ступіў ды і спаткнуўся на якуюсьці кабету, а кабета малако з дайніцы ў збан цадзіла, і ўсё малако выліла. Заскавытала, заскаголіла неразумная кабета, — вось, куды ты, чалавеча, лезеш, чаго табе трэба? ды і давай праклінаць. Я, матачка, гэта да таго заўважваю, што заўсёды са мной гэта здаралася ў падобных справах; давочна, ужо мне напісана так; вечна я зачаплюся за што-небудзь староньняе. Высунулася на шум старая ведзьма і чухонка гаспадыня. Я проста да яе, — тут, вось, Маркаў жыве? Не, кажа; пастаяла, агледзела мяне, як мае быць. — «А вам што да яго?» Я тлумачу ёй, што, вось, так і так, Амельян Іванавіч, — ну, і пра іншае; кажу-справа ёсьць. Старая паклікала дачку — выйшла і дачка, дзяўчынка ў гадох, басанож, — «клікні бацьку; ён наверсе ў кватарантаў, — калі ласка». Увайшоў я. Пакой ніштаваты, на сьценах карціны вісяць, усё генэралаў якіхсьці партрэты, канапка
Старонка:Бедныя людзі.pdf/128
Гэта старонка не была вычытаная