сябе і мяне ня губіце. Я-ж дзеля вас аднаго і жыву, дзеля вас і застаюся з вамі. Вось як вы цяпер! Будзьце шляхэтным чалавекам, цьвёрдым у няшчасьці; памятайце, што беднасьць — ня пляма. Ды і чаго ўпадаць у роспач: гэта ўсё часовае! Дасьць бог — усё паправіцца. Толькі вы ўтрымайцеся цяпер. Пасылаю вам саракоўку; купіце сабе тытуню або ўсяго, што вам захочацца, толькі на міласьць бога, на глупства ня трацьце. Заходзьце да нас, абавязкова заходзьце. Вам, можа быць, як і раней, сорамна будзе; але вы не саромейцеся; гэта памылковы сорам. Толькі-б вы шчырае пакаяньне прынесьлі. Майце надзею на бога. Ён усё наладзіць на лепшае.
Б. Д.
Жніўня 19.
Барбара Аляксееўна, матачка!
Сорамна мне, ясачка мая, Барбара Аляксееўна, зусім засаромеўся. Аднак, што-ж тут такое, матачка, асаблівае? Чаму сэрца свайго не павесяліць? Я тады пра падэшвы мае і ня думаю, таму што пацашва глупства, і заўсёды застанецца простай, подлай, бруднай падашвой. Ды і боты таксама глупства! — і мудрацы грэцкія бяз ботаў хадзілі, дык чаго-ж нашаму брату з такім нізкім прадметам нянчыцца? Навошта-ж крыўдзіць, навошта ненавідзець мяне ў такім выпадку? Эх, матачка, матачка, знайшлі што пісаць! А Тадоры скажэце, што яна кабета з плёткамі, неспакойная, буяная, ў дадатак дурная,