чуваю; са мной таму і здараецца ўсё такое, што я вельмі ўсё гэта адчуваю. Я ведаю, за што я вам, галубок вы мой, удзячны! Пазнаўшы вас, я пачаў, на-першае, і самога сябе лепш ведаць, і вас пачаў кахаць; а да вас, анёлачак мой, быў Я адзінокі і быццам-бы спаў, а ня жыў на сьвеце. Яны, зладзеі мае, казалі, што нават і постаць мая неахайная, і пагарджалі мною, ну, і я пачаў пагарджаць сабою; казалі, што я тупы, я і на самай справе думаў, што я тупы, а як вы мне зьявіліся, дык вы ўсё маё жыцьцё асьвятлілі цёмнае, так што і сэрца і душа мая асьвятліліся, і я адчуў душэўны супакой, і пазнаў, што і я ня горш іншых; што толькі так, не палыскуюся ні чым, полыску няма, тону няма, але ўсё-такі я чалавек, што сэрцам і думкамі я чалавек. Ну, а цяпер, адчуўшы, што я пакрыўджаны лёсам, што ўніжаны ім, аддаўся адмаўленьню ўласнае свае вартасьці, я, прыгнечаны маёю бядою, і ўпаў духам, і дзела таго, што вы цяпер усё ведаеце, матачка, дык я і прашу вас да сьлёз не зацікаўлівацца больш гэтай матэрыяй; бо сэрца маё разрываецца і мне робіцца і горка і горна.
Засьвядчаю, матачка, вам пашану маю і застаюся вашым адданым
Макаром Дзевушкіным.
Верасьня 3.
Я ня скончыла папярэднаяга ліста, Макар Аляксеевіч, таму, што мне было цяжка пісаць. Часамі бываюць са мной хвіліны, калі я рада быць аднэй;