лёд. Сьветла, яскрава, весела! У печцы зноў трашчыць агонь; падсядзем усе да самавара, а ў вакно падглядае азяблы за ноч чорны наш сабака Палкан і ветліва махае хвастом. Селянін праедзе паўз акон на добрым кані ў лес па дровы. Усе так здаволены, такія вясёлыя!.. Ах, якое залатое было маленства маё!..
Вось я і расплакалася цяпер, як дзіця, захапляючыся маімі ўспамінамі. Я так жыва, так жыва ўсё ўспамінала, так яскрава паўстала перада мною ўсё мінулае, а сучаснае такое мутнае, такое цёмнае!.. Чым гэта скончыцца, чым гэта ўсё скончыцца! Ці ведаеце, у мяне ёсьць якоесьці пераконаньне, якаясьці ўпэўненасьць, што я памру ў гэту восень. Я вельмі, вельмі хворая. Я часта думаю пра тое, што памру, але ўсё-ж мне не хацелася-б уміраць, — у тутэйшай зямлі ляжаць. Можа быць, я зноў зьлягу ў ложка, як і тады, увесну, а я яшчэ ачуняць не пасьпела. Вось і цяпер мне вельмі цяжка. Тадора сёньня пайшла кудысьці на цэлы дзень і я сяджу адна. А з некаторага часу баюся я заставацца аднэй; мне ўсё здаецца, што са мной у пакоі хтосьці бывае другі, што хтосьці са мной гутарыць; асабліва, калі я пра што-небудзь задумаюся, і раптам прачнуся ад задуменьня, так што мне страшна робіцца. Вось чаму я вам такі вялікі ліст напісала; калі я пішу, гэта праходзіць. Бывайце; канчаю ліст, таму што і паперы і часу няма. З выручаных грошай за сукенкі мае ды за капялюш застаўся ў мяне толькі рубель