Ах, добры сябра, як мне шкада вас! Шануйце хоць здароўе сваё, Макар Аляксеевіч! Вы кажаце, што ў вас вочы слабеюць, дык ня пішэце пры сьвечках; навошта пісаць? Вашу шчырасьць да службу і бяз гэтага, мабыць, ведае начальства ваша.
Яшчэ раз упрашваю, ня трацьце на мяне гэтулькі грошай. Ведаю, што вы мяне кахаеце, ды самі-ж вы небагатыя… Сёньня я таксама весела ўстала. Мне было так добра; Тадора даўно працавала ўжо, ды і мне работу знайшла. Я так узрадавалася, схадзіла толькі ядвабу купіць, ды і ўзялася за работу. Усю раніцу было так лёгка на душы. Я такая была вясёлая! А цяпер зноў усё чорныя думкі, сумна; сэрца знудзілася.
Ах, штосьці будзе са мною, які-ж будзе мой лёс! Цяжка, што я ў такой невядомасьці, што я ня маю будучыні, што і гадаць не магу пра тое, што са мною станецца. Назад і зірнуць страшна. Там усё такое гора, што сэрца на часткі рвецца пры адных успамінах. Век буду плакаць я на нядобрых людзей, якія мяне загубілі.
Сутоньваецца. Пара за работу. Я вам шмат хацела-б напісаць, ды некалі, тэрміновая работа. Трэба сьпяшацца. Вядома, лісты добрая справа; усё ня так сумна. А чаму вы самі да нас ніколі ня зойдзеце, Макар Аляксеевіч? Цяпер-жа вам блізка, ды і час часамі ў вас вольны бывае. Заходзьце, калі ласка! Бачыла я вашу Тарэзу, яна, здаецца, такая хворая; шкада было яе; я ёй дала 20 капеек. Ага! ледзь не забылася: абавязкова напішыце ўсё, як можна больш