абышліся міласьціва. Яны не аднаму мне дабрадзействам, і добрым сэрцам сваім усяму сьвету вядомы. Шмат з якіх месц у гонар яму пахвалы пасылаюцца, і сьлёзы падзякі льлюцца. У іх сірата адна выхоўвалася. Яны ўлегавалі яе: выдалі за чалавека вядомага, за чыноўніка аднаго, які па адумысловых даручэньнях пры іх-жа сьветласьці знаходзіўся. Сына аднэй удавы ў якуюсьці канцылярыю ўлегавалі, і шмат яшчэ дабрачыннасьцяй розных зрабілі. Я, матачка, палічыў за свой абавязак тут-жа і маю пахвалу аддаць. Усім на ўвесь голас учынак яго сьветласьці расказаў; я ўсё ім расказаў і нічога не ўтаіў. І сорам у кішаню схаваў. Які тут сорам, што за амбіцыя такая пры такіх абставінах! Так-такі ўслых, — ды няхай набываюць славу ўчынкі яго сьветласьці! Я гаварыў з захапленьнем, з жарам гаварыў і не чырванеў, наадварот, ганарыўся, што давялося гэтакае расказаць. Я пра ўсё расказаў (пра вас толькі разумна змоўчыў, матачка), і пра гаспадыню, і пра Фальдоні, і пра Ратазяева, і пра боты, і пра Маркава — усё расказаў. Сёй-той там усьміхаўся, ды праўда, і ўсе яны ўсьміхаліся. Толькі гэта ў маёй постаці, мабыць, яны што-небудзь сьмешнае знайшлі, або пра боты мае-якраз пра боты. А з нядобрым якім-небудзь намерам яны не маглі гэтага зрабіць. Гэта так, маладосьць, або ад таго, што яны людзі багатыя, але з нядобрым, з злым намерам яны ніяк не маглі маю прамову асьмяяць. Гэта значыць што-небудзь пра яго сьветласьць — гэтага яны ніяк не маглі зрабіць. Ці-ж няпраўда, Барбарачка?
Старонка:Бедныя людзі.pdf/162
Гэта старонка не была вычытаная