толькі што я выйшла купіць сёе-тое ў Гасьцінны Двор, ён заходзіць да нас у пакой, яму, здаецца, хацелася застаць мяне дома. Ён доўга распытваўся Тадору пра наша жыцьцё-быцьцё, усё разглядаў у нас, маю работу глядзеў, нарэшце, запытаўся: — Які-ж гэта чыноўнік, што з вамі знаёмы? У той час вы цераз двор праходзілі; Тадора яму паказала на вас; ён зірнуў і ўсьміхнуўся; Тадора ўпрашвала яго пайсьці, сказала яму, што я і так ужо нездарова ад прыкрасьцяй, і што бачыць яго ў нас мне будзе вельмі няпрыемна. Ён прамаўчаў, сказаў, што ён так прыходзіў ад няма чаго рабіць, і хацеў даць Тадоры дваццаць пяць рублёў, тая, зразумела, не ўзяла. — Што гэта значыла-б? Навошта ён заходзіў да нас? Я зразумець не магу, адкуль ён усё пра нас ведае! Я губляюся ў здагадках. Тадора кажа, што Аксеня, яе залоўка, якая ходзіць да нас, знаёма з прачкай Насьцяй, а Насьцін стрыечны брат вартаўніком у тым дэпартамэнце, дзе служыць знаёмы пляменьніка Ганны Тодараўны. Дык вось ці не перапаўзла якнебудзь плётка? Між іншага, вельмі можа быць, што Тадора і памыляецца; мы ня ведаем, што прыдумаць. Няўжо ён да нас зноў прыдзе! Адна думка гэта кідае мяне у жах! Калі Тадора расказала ўсё гэта ўчора, дык я так напалохалася, што ледзь не самлела ад страху. Чаго яшчэ ім трэба? Я цяпер іх ведаць не хачу! Якая ім справа да мяне, беднай! Ах! у якім я страху цяпер; так вось і думаю, што зойдзе ў гэту хвіліну Быкаў. Што са мною будзе! Што яшчэ мне
Старонка:Бедныя людзі.pdf/165
Гэта старонка не была вычытаная