пішаце, што ў будучае зазірнуць баецеся. Ды сягоньня-ж а сёмай гадзіне ўсё даведаецеся. Мадам Шыфон сама да вас заедзе. Дык і не ўпадайце ў роспач; майце надзею, матачка; а вось і ўсё наладзіцца на лепшае — вось. Дык таго — вось, я ўсё фальбалу праклятую — эх, мне гэта фальбала, фальбала! Я да вас-бы забег, анёлачак, забег-бы, абавязкова забег-бы; я ўжо і так да брамы вашага дому разы два падыходзіў, ды ўсё Быкаў, гэта значыць, я хачу сказаць, што пан Быкаў усё злы такі, дык вось яно і не таго... Ну, ды ўжо што!
Макар Дзевушкін.
Верасьня 28.
Шаноўны Васпан
Макар Аляксеевіч!
На міласьць бога, бяжэце зараз да брыльянтшчыка. Скажэце яму, што заўшнічкі з пэрламі і смарагдамі рабіць ня трэба. Пан Быкаў кажа, што занадта багата. Што гэта кусаецца. Ён злуе; кажа, што яго кішані і так хапіла, і што мы яго рабуем, а ўчора сказаў, што калі-б раней знаў ды ведаў пра гэтакія выдаткі, дык і ня сватаўся-б. Кажа, што толькі возьмем шлюб і зараз-жа паедзем, што гасьцей ня будзе, і каб я круціцца і скакаць не спадзявалася, што яшчэ далёка да сьвята. Вось ён як кажа! А бог бачыць, ці патрэбна мне ўсё гэта! Сам-жа пан Быкаў усё заказваў. Я і пярэчыць яму нічога ня сьмею: ён папырсклівы такі. Што са мною будзе!
Б. Д.