Старонка:Бедныя людзі.pdf/25

Гэта старонка была вычытаная

такое робіцца, што сорамна расказваць. Цяпер я ўсё-такі прызвычаіўся, а вось дзіўлюся, як у такім садоме сямейныя людзі ўжываюцца. Цэлая сям'я якіхсьці беднякоў у нашай гаспадыні пакой наймаюць, толькі ня побач з іншымі нумарамі, а на другім баку, у кутку асобна. Людзі ціхамірныя! Пра іх ніхто нічога і ня чуе. Жывуць яны ў адным пакойчыку, адгарадзіўшыся ў ім перагародкаю, Ён якісьці чыноўнік бяз месца, з службы год восем таму назад звольнены за штосьці. Прозьвішча яго Гаршкоў; такі сівенькі, маленькі; ходзіць у такім зашмальцаваным, у такім паношаным адзеньні, што балюча бачыць; куды горш ад мяне. Мізэрны, кволы такі (бачымся мы з ім часамі ў калідоры); каленкі ў яго трасуцца, рукі трасуцца, галава трасецца, ці не ад хваробы якой, бог яго ведае; баязьлівы, баіцца ўсіх, ходзіць бачком; ужо я сарамяжы часамі, а гэты яшчэ горш. Сям'я ў яго — жонка і трое дзяцей. Большы хлопчык увесь у бацьку, таксама такі мізэрны. Жонка была калісьці прыстойная і цяпер відаць; ходзіць, бедная, у такіх мізэрных рызманох. Яны, чуў я, у даўгу ў гаспадыні; яна з імі штосьці ня вельмі ласкавая. Чуў таксама, што ў самога Гаршкова няпрыемнасьці якісьці ёсьць, з-за якіх ён і месца страціў... процэс не процэс, пад судом, не пад судом, пад сьледзтвам якімсьці, ці што — ужо дакладна не магу вам сказаць. Бедныя-ж яны, бедныя — божухна мой! Заўсёды ў іхнім пакоі ціха і сьмірна, быццам і ня жыве ніхто. Нават дзяцей ня чуваць. І ня бывае гэтага, каб калі-небудзь павесяліліся, пагулялі дзеці, а ўжо гэта кеп-