розум. Толькі што сканаў татка, крэдыторы зьявіліся да нас, як з зямлі, нахлынулі гуртам. Усё, што толькі ў нас было, мы аддалі. Наш домік на Пецярбурскай старане, які татка купіў, паўгода спусьціўшы пасьля перасяленьня нашага ў Пецярбург, мы таксама прадалі. Ня ведаю, як уладзілі рэшту, але самі мы засталіся без хацінкі, бяз прытулку, бяз хлеба. Мамка была зусім бяз сіл, пракарміць мы сябе не маглі, жыць ня было з чаго, наперадзе была пагібель. Мне тады толькі мінула чатырнаццаць год. Вось тут якраз нас і наведала Ганна Тодараўна. Яна ўсё кажа, што яна якаясьці памешчыца і нам даводзіцца якоюсьці раднёю. Мамка таксама казала, што яна нам радня, толькі вельмі далёкая. Пры жыцьці таткі яна да нас ніколі не заходзіла. Зьявілася яна са сьлязьмі на вачох, казала, што вельмі пра нас клапопіцца; спачувала пра нашу ўтрату, пра наша жабрачае становішча, дадала, што татка быў сам вінаваты, што ён не па сілах жыў, далёка забіраўся і што ўжо занадта на свае сілы спадзяваўся. Зажадалася ёй сыйсьціся з намі бліжэй, запрапанавала забыцца на няпрыемнасьці, калі якія былі, а калі мамка сказала, што ніколі не адчувала да яе няпрыязьні, то яна прасьлязілася, павяла мамку ў царкву і заказала паніхіду па галубочку (так яна назвала татку). Пасьля гэтага яна ўрачыста памірылася з мамкай.
Пасьля доўгіх уступаў і папярэджваньняў Ганна Тодараўна, абмаляваўшы яскравымі фарбамі наша жабрачае становішча, сіроцтва, безнадзейнасьць, бездапаможнасьць, запрасіла нас, як яна сама сказала, у