Пакроўскі. Ён вучыў Алесю Францускай і нямецкай мове, гісторыі, географіі - усіх навук, як гаварыла Ганна Тодараўна, і за гэта меў ад яе кватэру і стол. Алеся была кемлівая дзяўчынка, хоць любіла падурэць і пасваволіць, ёй было тады год трынаццаць. Ганна Тодараўна заўважыла мамцы, што някепска было-б, калі-б і я пачала вучыцца, таму, што ў пансіёне мяне недавучылі. Мамка ахвотна згадзілася, і я цэлы год вучылася ў Пакроўскага разам з Алесяй.
Пакроўскі быў бедны, вельмі бедны малады чалавек; здароўе яго не дазваляла яму хадзіць заўсёды вучыцца, і яго так, па прывычцы толькі, звалі ў нас студэнтам. Жыў ён скромна, сьмірна, ціха, так што і ня чуваць, бывала, яго з нашага пакою. На выгляд ён быў такі дзіўны; так нязграбна хадзіў, так нязграбна кланяўся, так дзіўна гаварыў, што я спачатку на яго бяз сьмеху і пазіраць не магла. Алеся ўвесь час з яго кпіла, асабліва, калі ён нам лекцыі даваў. А ён, у дадатак, меў вельмі ўспыльчывы характар, увесь час злаваўся, за кожную дробязь з сябе выходзіў, крычаў на нас, і часта, ня скончыўшы лекцыі, разгневаны ішоў у свой пакой. У сябе-ж ён цэлыя дні сядзеў за кніжкамі. У яго было шмат кніжак, і ўсё такія дарагія, рэдкія кніжкі. Ён сям-там яшчэ вучыў, атрымліваў сякую-такую плату, так што ледзь, бывала, у яго завядуцца грошы, дык ён адразу-ж ідзе сабе кніжкі купляць.
З часам я пазнала яго лепш, бліжэй. Ён быў самы добры, годны пашаны чалавек, найлепшы з усіх,