хаўся, паціраў рукі ад здавальненьня і на дыбачках проста накіроўваўся у пакой Пакроўскага. Гэта быў яго бацька.
Пасьля я даведалася падрабязна ўсю гісторыю гэтага беднага старога. Ён калісьці дзесьці служыў, ня меў аніякіх здольнасьцяй і займаў самае апошняе, самае малое месца на службе. Калі памерла яго першая жонка (матка студэнта Пакроўскага), то ён уздумаў жаніцца другі раз, і жаніўся на мяшчанцы. Пры новай жонцы ў доме ўсё пайшло ўверх дном; нікому жыцьця ад яе ня было; яна ўсіх да рук прыбрала. Студент Пакроўскі быў тады яшчэ дзіцянём, год дзесяці. Мачыха яго зьненавідзела. Але маленькаму Пакроўскаму спрыяў лёс. Пан Быкаў, які ведаў чыноўніка Пакроўскага і які быў некалі яго апякуном, узяў дзіцянё пад сваю апеку і ўлягаваў яго ў якуюсьці школу. Цікавіўся-ж ён ім таму, што ведаў яго нябожчыну матку, якая яшчэ дзяўчынай была ўзнагароджана Ганнай Тодараўнай, і выдадзена ёю замуж за чыноўніка Пакроўскага. Пан Быкаў, сябра і блізкі знаёмы Ганны Тодараўны, ад вялікай шчодрасьці даў нявесьце пяць тысяч рублёў пасагу. Куды гэтыя грошы пайшлі — невядома. Так мне апавядала ўсё гэта Ганна Тодараўна, сам-жа студэнт Пакроўскі ніколі ня любіў гаварыць пра свае сямейныя справы. Кажуць, што яго матка была вельмі прыстойная, і мне дзіўным здаецца, чаму яна так няўдала выйшла замуж, за такога мізэрнага чалавека... Яна памерла яшчэ ў маладых гадох, гады праз чатыры папасьля замужаства