піў мае рукі, палаваў іх, прыціскаў да грудзей сваіх, угаворваў, уцяшаў мяне; ён быў моцна расчулены; ня памятаю, што ён мне гаварыў, але толькі я плакала і сьмяялася і зноў плакала, чырванела, не магла слова вымавіць ад радасьці. Аднак, не зважаючы на хваляваньне маё, я заўважыла, што ў Пакроўскага заставалася якоесьці зьдзіўленьне і прымусовасьць. Здаецца, ён ня мог надзівіцца з майго захапленьня, з мае радасьці, гэтакаму раптоўнаму, гарачаму, палкаму сяброўству. Можа быць яму было толькі цікава спачатку; далей яго нерашучасьць зьнікла, і ён, з такім-жа простым, адкрытым пачуцьцём, як і я, прымаў маю прыязьнь да яго, мае ветлівыя словы, маю ўвагу, і адказваў на ўсё гэта тае-ж самай увагай, таксама пасяброўску і ветліва, як шчыры сябра мой, як родны брат мой. Майму сэрцу было так цёпла, так хораша!.. Я не хавалася, не таілася ні ў чым; ён усё гэта бачыў і з кожным днём усё больш і больш прывязваўся да мяне.
І, па праўдзе, ня памятаю, пра што толькі ні перагаварылі з ім у гэтыя пакутныя і разам з тым салодкія гадзіны нашых спатканьняў, уночы, пры мігатлівым сьвятле лямпадкі, і амаль каля самага ложка мае беднай, хворай мамкі?.. Пра ўсё, што ў галаву прыходзіла, што прасілася выказацца, — і мы амаль былі шчасьлівыя... Ох, гэта была і сумная і радасная пара, — усё разам; і мне і сумна і радасна цяпер успомніць пра яе. Успаміны, ці радасныя, ці горкія, заўсёды мучаць; у кожным разе, так у мяне; але і мучэньне гэта салодкае. І калі сэрцу робіцца