асалоды. — «Калі сын ваш будзе здаволены, — дадала я, — і вы будзеце рады, то і я рада буду, таму што патайна, у сэрцы маім, буду адчуваць, быццам-бы і на самай справе і я падарыла». Гэтым стары зусім заспакоіўся. Ён прабыў у нас яшчэ дзьве гадзіны, але ўвесь гэты час на месцы ня мог уседзець, уставаў, курстаўся, шумеў, дурэў з Алесяй, цалаваў мяне ўкрадкай, шчыпаў за руку, і рабіў зьнячэўкі міны Ганьне Тодараўне. Ганна Тодараўна выгнала яго, нарэшце, з дому. Адным словам, стары ад вялікай радасьці так расхадзіўся, як можа быць, ніколі яшчэ ня бывала з ім.
Ва ўрачысты дзень ён зьявіўся роўна ў адзінаццаць гадзін, проста ад абедні, у Фраку, акуратна зацыраваным, і сапраўды ў новай камізэльцы і ў новых ботах. У абедзьвюх руках было ў яго па вязанцы кніжак. Мы ўсе тады сядзелі ў залі, у Ганны Тодараўны і пілі кофе (была нядзеля). Стары пачаў, здаецца, з таго, што Пушкін вельмі добра пісаў вершы; пасьля зьбіваючыся і блытаючыся, перайшоў раптам на тое, што трэба трымаць сябе прыстойна, і што калі чалавек не вядзе сябе прыстойна, то значыць, што ён дурэе, што дрэнныя нахілы губяць і нішчаць чалавека; пералічыў далей некалькі прыкладаў няўстрыманьня, ад якіх загінулі, і закончыў тым, што ён з некаторага часу зусім справіўся, і што цяпер трымае сябе даволі добра. Што ён і раней адчуваў справядлівасьць сыноўскіх навучаньняў, што ён усё гэта добра адчуваў і ўсё ў сэрцы зьбіраў, але цяпер і на справе пачаў устрымлівацца. У дакоз чаго