мне свае ўладаньні паказвалі. Гэта паказвае, што ў вас добрае сэрца, Макар Аляксеевіч. За гэта вось я вас і кахаю. Ну, бывайце. Я сёньня зноў хворая; учора я ногі прамачыла і таму празябла; Тадора таксама чымсьці хворая, так што мы абедзьве цяпер хворыя. Не забывайцеся на мяне, г. зн. заходзьце часьцей.
Ваша Б. Д.
Чэрвеня 12.
Галубок мой,
- Барбара Аляксееўна!
А я ж думаў, матачка, што вы мне ўсё ўчарайшае сапраўднымі вершамі апішаце, а ў вас усяго і вышаў адзін прасты лісток. Я да таго кажу, што вы хоць і мала мне ў лістку вашым напісалі, але затое надта-ж ужо хораша і соладка напісалі. — І прырода, і розныя малюнкі вясковыя, і ўсё іншае пра пачуцьці — адным словам, усё гэта вы вельмі хораша апісалі. А вось у мяне дык няма здольнасьці — хоць дзесяць балонак напэцкай, ніяк нічога ня выходзіць, нічога не апішаш. Я ўжо прабаваў. — Пішаце вы мне, родная мая, што я чалавек добры, незлаблівы, на шкоду бліжняму свайму наздольны, і ласку боскую, якую ён пасылае, разумею, і розныя, нарэшце, пахвалы прыносіце мне. Усё гэта праўда, матачка, усё гэта чысьцюсенечкая праўда; я сапраўды гэтакі, як вы кажаце, і сам гэта ведаю; але як прачытаеш гэткае, як вы пішаце, дык мімаволі расчуліцца сэрца, а пасьля