Старонка:Беларускае Адраджэнне ў XVI сталецьці.pdf/14

Гэта старонка не была вычытаная

«дяки и зазростью платить хотели». Аднак, пад уплывам замілаваньня да свайго народу і жаданьня дапамагчы яго разумоваму разьвіцьцю, Цяпінскі, не зварочваючы ўвагі на лаянкі сваіх ворагаў, узяўся за сваю адказную і патрэбную ў нацыянальна-культурным жыцьці працу.

Цяпінскі ўзяўся за свой пераклад «з зычливости ку моей айчызне». Перакладаючы эвангельле, ён зьмяшчае тут-жа славянскі тэкст, слова ў слова, бо славянскі тэкст не для ўсіх зразумелы. Сьвятое пісьмо павінны ўсе чытаць і разумець, ня толькі дарослыя, але і дзеці, «дабы в вере прицвичали». Знаёмства з сьвятым пісьмом зьявіцца крыніцаю для далейшага духоўнага разьвіцьця, бо бог павядзе «к уможнейшим наукам в слове сваем, к устаточному рассудку и к умеетности». Перакладчык імкнуўся быць дакладным у сваёй працы і зразумелым, дасягнуўшы простасьці ў мове. Цяпінскі перакладае «не смысленным, або красомовным выводом, не залецаными, а ни часу угажаючыми словы, але яко сприязливый, простый а щирий, правдиве, верне, а отвористе». Пераклад быў зроблены «по стародавным книгам». Перакладчык прызнае, што ў яго працы могуць быць вельмі значныя памылкі, але просіць чытача ня тлумачыць яго памылак «нашой злости, але людской крепости, а не умеетности». З вялікімі матар’яльнымі цяжкасьцямі Цяпінскі за ўласны кошт наладзіў мізэрную друкарню, дзе і надрукаваў «писание св. Матфея и св. Марка и початок Луки». Выдавец меў намер выпушчаць свой пераклад часткамі: «если не зараз, вжды з своим часом узнают, им впредь подаю». Аднак, застаецца невядомым, ці выпусьціў ён надрукаваную частку перакладзенага эвангельня. Неспагадныя адносіны з боку розных грамадзянскіх колаў не дазволілі Цяпінскаму давесьці справу, што ен задумаў, да канца, бо ідэя нацыянальна-культурнага адраджэньня яшчэ ня досыць глыбака праніла ў шляхоцкія і мяшчанскія грамадзянскія колы. Беларуская шляхта захапілася польскаю культурай і да спроб Цяпінскага адносілася адмоўна. Мяшчанства, якое стаяла на чыстым праваслаўным пункце пагляду, трымалася моцна за славянскую мову і не спачувала перакладу эвангельля, які вышаў з протэстанцкага асяродзьдзя.

Сымон Будны і Васіль Цяпінскі былі дзейнымі прадстаўнікамі радыкальнага кірунку ў беларускім адраджэньні. Яны паднялі свой голас на абарону простага народу, які знаходзіўся ў цемры. Ужо адным гэтым яны павінны былі выклікаць адмоўныя адносіны да сябе з боку магнатаў і праваслаўнага духавенства, якое ня думала аб асьвеце народу і было зьвязана супольнымі экономічнымі інтарэсамі з клясай зямляўласьнікаў.

Радыкалізм гуманістычнага руху павінен быў выклікаць у зацікаўленых колах адпаведную рэакцыю. Барацьба шляхоцкага аграрнага капіталу з гарадзкой буржуазіяй за ўладаньне гандлёвым капіталам выявілася ня толькі ў наступе шляхты за гарадзкую буржуазію на народна-гаспадарчым фронце, але і ў наступе каталіцызму на праваслаўе. Купецтва, разам з праваслаўем, перайшло ў стан абароны. Натуральна, мяшчане, абараняючыся, варожа адносіліся да ўсялякіх неправаслаўных ідэй і кірункаў. Адсюль зьявіліся ў гарадзкім грамадзянстве консэрватыўныя праваслаўныя ідэёвыя плыні, якія ўзялі пад сваю абарону славянскую мову і стара-славянскае царкоўнае пісьменства, як крыніцу мудрасьці, моральнае сумленнасьці і праваслаўнае рэлігійнае сьвядомасьці. Ортодоксалістыя моцна трымаліся за старасьветчыну, і ў яе духоўнай сутнасьці яны шукалі для сябе духоўных сіл для барацьбы з наступам ворагаў.