Сярод беларускіх магнатаў пачала пашырацца раскоша, якая патрабавала вялізных матар’яльных сродкаў і якую зямляўласьнікі мелі магчымасьць набыць толькі праз вываз заграніцу сваіх продуктаў сельска-гаспадарчае вытворчасьці.
Заходня-эўропейскі гуманізм змагаўся за індывідуалізм, за вольнасьць сумленьня, за вызваленьне навукі ад уплыву царквы. Заходня-эўропейскі гуманізм утварыў новую сьвецкую мораль і даваў магчымасьць чалавечай асобе адносіцца да рэлігійных пытаньняў з большаю вольнасьцю. Гуманізм разьвіваў рэлігійны скэптыцызм.
Беларуская шляхта да пэўнай ступені была ахоплена рэлігійным скэптыцызмам і выяўляла значны нахіл да протэстантызму, асабліва да яго крайніх кірункаў — да кальвінізму і соцыянства.
Экономічны ўздым сярэдзіны XVI сталецьця ў Польшчы і у Літоўска-Беларускай дзяржаве прымушаў польскую і літоўска-беларускую шляхту схіляцца ў бок рэформацыі. Гэтая шляхта мела надзею на конфіскацыю царкоўных маемасьцяй, што пашырыла-б зямляўладаньні шляхты і дало-б магчымасьць разьвінуць прадпрыемчую сельскую гаспадарку. Барацьба за зямлю насувала зямляўласьнікау да протэстантызму, у якім індывідуальная вольнасьць і навукова-крытычная думка адбілася і выявілася найбольш поўным і вырваным спосабам.
Сталыя гандлёвыя зносіны Літоўска-Беларускае дзяржавы з Лейпцыгам, Франкфуртам, Нюрэнбэргам і іншымі гарадамі Нямеччыны да пэўнае ступені зрабілі ўплыў на пашырэньне протэстантызму на Беларусі, а таксама ў Літве, Валыні і Галіцыі. Протэстантызм бязупынна пранікаў з суседніх Усходняе Прусіі і Курляндыі. Нямецкія рамесьнікі, мастакі, гандляры, якія перасяляліся на Літву і Беларусь, былі жывымі праваднікамі протэстанцкага сьветапагляду. Пры гэтым некаторыя спаміж іх, як Абрагам Кульва (1521), зьяўляліся і добрымі пропагандыстымі новага сьветапагляду. Шпаркае пашырэньне протэстантызму адносіцца да часоў Жыгімонта-Аўгуста, які спачатку таксама быў вельмі прыхільны да протэстантызму. Аднак, вялікі князь літоўскі стараньнем верных слуг папскага пасаду і каталіцкае рэакцыі быў вырваны з капцюроў протэстантызму.
Рэформацыйны рух знайшоў вялікае спачуваньне сярод магнатаў і часткай сярод шляхты. З жывою зацікаўленасьцю і поўным спачуваньнем аднесьліся да новага рэлігійнага кірунку гандляры і рамесьнікі беларускіх гарадоў. У шмат якіх гарадох на працягу другое паловы XVI сталецьця ўзьнікалі кальвіністычныя духоўныя зборы, якія складаліся з значнага ліку сяброў. Гэтыя зборы мелі пэўную колькасьць рухомае і нярухомае маемасьці, якая набывалася часткай праз куплю, з часткай праз ахвяры шчырых прыхільнікаў протэстантызму. Гэтак, віленскі протэстанцкі збор, заснаваны ў 1553 годзе віленскім ваяводай панам Міколам Радзівілам Чорным, атрымаў двор Гарнастаеўскі ў Вільні, які купіў Мікола Радзівіл Чорны, ў ваяводы наваградзкага, пана Астафія Валовіча за 8000 літоўскіх грошай (15 лютага 1577 году). Ахвяра гэтая была зроблена са згоды сыноў віленскага ваяводы. Кароль Сьцяпан Баторы пацьвердзіў сваім лістом ад 25 кастрычніка куплю князя Радзівіла. Стараста берасьцейскі і кобрынскі Астафі Валовіч, жадаючы заснаваць пры віленскім зборы шпіталь і могілкі, запісаў дзеля гэтае мэты двор у Вільні, прычым гэты запіс быў пацьверджаны лістом Сьцяпана Баторага ад 28 лютага 1582 году. Віленскі протэстанцкі збор 7 чэрвеня 1590 году дакупіў