кага пашырэньня. Дзеля гэтага протэстанцтва на Украіне было толькі слабым адбіткам рэформацыйнага руху ў Польшчы, Літве і Беларусі.
Калі пратэстанцтва, якое пашырылася ў Нямеччыне і Прусіі, ня мела спагадных умоу для свайго праніканьня і пашырэньня на абшары Украіны, дык яшчэ менш было належных умоў да прыняцьця украінскай шляхтай протэстанцкіх ідэй, якія прынесьлі на Украіну маскоўскія мігранты Хвядос Касы з таварышамі. Трэба, аднак, сказаць, што маскоўскія эмігранты ня прынесьлі з сабою якое-колечы азначанае догматычнае пабудовы. Гэта былі хатнія рэлігійныя скэптыкі і рацыяналістыя. Хвядос Касы з таварышамі былі засуджаны на маскоўскім царкоўным саборы 1554 году. Засуджэнье прымусіла маскоўскіх рацыяналістых уцячы у Літву і Беларусь. Цяжка выявіць ступень іхняга уплыву на мясцовае грамадзянства, але бясспрэчна тое, што маскоўскія іарэтыкі мелі ў шляхты посьпех і уплыў. Прынамсі, у творах Зенавея Отэнскага, старавера на сваіх рэлігійных паглядах і вялікарасійца па нацыянальнасьці, знаходзіцца наступная думка, якая заслугоўвае ўвагі: «Усход распусьціу чорт Махмет, Захад — Марцін-Нямчын, а Літву — Касы». Аднак, у словах Зенавея трэба бачыць пэўную долю гіпэрболізму. Зенавей Отэнскі зусім не ўспамінае аб пашырэньні на Літве чыстага протэстанцтва.
Хвядос Касы, разам з таварышом Ігнатам, апынуўся ў 1570 годзе на Валыні і нейкі час знаходзіўся ў доме валынскага шляхціца Чапліча, які вёў з маскоўскімі эмігрантамі гутаркі на рэлігійныя і моральныя тэмы. Бясспрэчна тое, што Хвядос Касы ня меў на Украіне ніякага уплыву. Калі протэстанцтва, якое ішло з Польшчы, мела на Украіне параўнальна нязначнае пашырэньне, дык, зразумела, зусім ня трэба казаць аб уплыве на украінскае грамадзянства няглыбокага рэлігійнага скэптыка і павярхоўнага рацыяналістага, якім быў Хвядос Касы.
Гуманістычны індывідуалістычны рух найбольш яскрава адбіўся на праўнай сьвядомасьці літоўска-беларускае шляхты (дваранства). Экономічнае разьвіцьцё Літвы і Беларусі, якое спрыяла гаспадарчым начынаньням зямляўласьнікаў, гэтым самым дапамагала і разьвіцьцю індывідуалістычнае правасьвядомасьці. Літоўска-беларуская шляхта ўжо на Віленскім сойме 1522 году падняла пытаньне аб укладаньні Статуту. У канчатковым-жа выглядзе першы зборнік літоўска-беларускага права быў апублікаваны ў 1529 годзе. Першы Статут адбівае у сабе правасьвядомасьць панаваўшае зямляуласьніцкае клясы і ўвесь прасякнуты індывідуалістычнымі праўнымі тэндэнцыямі. Асабістая недатыкальнасьць і індывідуальная адказнасьць за злачынствы толькі перад судом, права ўжываць паводле свае волі сваю нярухомую маемасьць у межах тых нормаў, якія дакладна ўстаноўлены ў законе, — ёсьць падстава праўнае пабудовы Статуту 1529 году, бо яны захоўвалі за магнатамі некаторыя судныя прывілеі, дзякуючы якім магнаты, радныя паны, былі вызвалены ад падсуднасьці мясцовай тэрыторыяльнай юстыцыі. У жыцьці ўсе судныя справы, паднятыя мясцовымі зямляўласьнікамі супроць магнатаў, ніколі не даводзіліся да пажаданага канца. Літоўска-беларуская шляхта ў палове XVI сталецьця выкарыстала сваё экономічнае і політычнае значэньне. У поўнай меры ўсьведамляючы сабе свой уплыў, літоўска-беларуская шляхта выкарыстала цяжкое знадворнае палажэньне Літоўска-Беларускае дзяржавы і выступіла з пэўнай соцыяльна-экономічнай і політычнай програмай, якая была накіравана супроць буйнога зямляўласьніцтва. Часткова, літоўска-беларуская шляхта патрабавала ўраўнаньня ў правох магнатаў са шляхтай праз установу выбарных судоў