Старонка:Беларускае Адраджэнне ў XVI сталецьці.pdf/7

Гэта старонка была вычытаная

Гуманістычны рух на Беларусі разьвіваўся на фоне соцыяльна-экономічнага уціску, які выявіўся у разьвіцьці інстытуту, вядомага пад агульным назовам прыгону.


II.

Беларускія гарады ў канцы XV і пачатку XVI сталецьця былі вельмі значнымі гандлёвымі асяродкамі, дзе знаходзілася шмат заможнага жыхарства, якое здолела скласьці сабе капіталы, дзякуючы транным гандлёвым справам. Зразумела, сярод беларускіх гарадоў першае месца займала Вільня як па сваіх гандлёвых зваротах, гэтак і з боку матар’яльнай заможнасьці віленскае буржуазіі.

Матар’яльныя ўмовы стваралі спагадныя абставіны для разьвіцьця гуманістычнага руху ў гарадох, які, па меры ўскладненьня жыцьця і зьяўленьня рознастайных ідэёвых плыняй, набываў самыя рознастайныя адценьні, пачынаючы ад найрадыкальнейшых паглядаў і канчаючы консэрватыўнымі паглядамі і перакананьнямі.

Разьвіцьцё народнае гаспадаркі Беларусі, якое было вынікам праніканьня у глыб народна-гаспадарчага жыцьця гандлёвага капіталу, дапамагала больш цеснаму злучэньню адных краін Беларусі з другімі, а разам з тым, экономічнае аб’яднаньне тэрыторыі дапамагала ў пэўнай меры і політычнай консолідацыі беларускіх зямель, а таксама разьвіцьцю нацыянальнае самасьвядомасьці сярод гарадзкой буржуазіі, якая трымала мясцовы нацыянальны гандлёвы капітал. З гэтых прычын нацыянальная самасьвядомасьць, сярод гарадзкога грамадзянства павінна была выявіцца досыць рана. У гандлёвых зносінах з Польшчай і чужаземцамі беларускі гандлёвы капітал натуральна павінен быў стаўляць сябе супроць гандлёвага чужаземнага капіталу. Гэтая барацьба павялічвала і разьвівала нацыянальную самасьвядомасьць беларускае буржуазіі.

Гуманістычны рух у гарадох Беларусі меў глыбокае разьвіцьцё і, разам з тым, даў вельмі значныя і дадатныя вынікі. Гуманістычны рух сярод гарадзкога грамадзянства пачаўся значна раней, бо для гэтага існаваў рад спагадных умоў. Першыя культурныя парасткі беларускага адраджэньня атрымалі магчымасьць далейшага разьвіцьця і паглыбленьня. У другой палове XVI сталецьця беларускія гарады, як Вільня, Полацак, Менск, зрабіліся вельмі значнымі гандлёвымі асяродкамі, праз якія падтрымліваліся гандлёвыя зносіны з Заходняй Эўропай. Да 1569 г. экспорт і імпорт тавараў знаходзіўся ў руках беларускае і украінскае буржуазіі. Гандлёвыя зносіны з Заходняй Эўропай дапамаглі культурнаму набліжэньню да апошняй праз пашырэньне навуковых вед і праз працу прачнуўшаеся навуковае думкі. Сярод гарадзкога грамадзянства атрымаў пэўнае пашырэньне і рэлігійны рацыяналізм у форме протэстанцтва і яго галін, але большая частка мяшчанства заставалася вернаю рэлігіі продкаў. У захаваньні і падтрыманьні гэтае рэлігіі мяшчанства знаходзіла магутны сродак протэсту супроць наступу на Беларусь і Украіну польскага шляхоцкага капіталу, які імкнуўся забіць гарадзкі гандаль і прамысловасьць, што пачала дзе-ні-дзе разьвівацца. Экономічныя прывілеі шляхты, напрыклад, вольнасьць вывазу заграніцу вырабаў уласнае гаспадаркі і, разам з тым, бязмытны ўвоз для ўласнае патрэбы рэчай заходня-эўропейскае прамысловасьці, паступова забівалі гарадзкі знадворны і ўнутраны гандаль. Натуральна, мяшчанства стала ў варожыя адносіны да шляхоцтва. Пераход апошняга ў каталіцтва і протэкцыйная каралеўская політыка прымусілі мяшчан-