ства моцна трымацца за праваслаўе і бараніцца ўсімі сіламі, якія у яго былі, ад нападаў каталіцкае царквы, каб потым сабрацца з сіламі і перайсьці ад абароны да нападу.
Наступ каталіцкае шляхты, які наносіў цяжкі удар матар’яльнаму становішчу мяшчанства, дапамагаў яго аб’яднаньню для барацьбы з каталіцтвам, як галоўным чыньнікам агрэсыўнага шляхоцкага зямельнага капіталу. Напады католікаў на праваслаўных дадавалі гарадзкому гуманстычнаму руху нацыянальна-рэлігійны характар, вельмі дапамагалі абуджэньню нацыянальнага пачуцьця сярод гарадзкое буржуазіі і рамесьнікаў, якія надзвычайна цярпелі ад аднабаковае шляхоцкае экономічнае політыкі.
Гарадзскі гуманістычны рух, адарваны ад народных гушчаў, ня даў значных дадатных вынікаў у процэсе барацьбы за вызваленьне ад соцыяльна-экономічнага ўціску з боку шляхты. Толькі злучэньне мяшчанства з прыгонным сялянствам дало-б дадатныя вынікі. Дзелі гэтага, гарадзскі гуманістычны рэлігійны рух толькі падрыхтоўваў рады тых барацьбітоў, якія сталі патрэбнымі украінскаму і беларускаму народам калі распачалася іхняя ўпартая і доўгая барацьба са сваімі нацыянальнымі і соцыяльна-экономічнымі ўціскальнікамі. Гуманістычны рух у беларускіх гарадох спачатку разьвіваўся пад беспасрэдным уплывам протэстанцкіх ідэй з іх протэстам ня толькі супроць каталіцкае догмы наагул, але, між іншым, і супроць лацінскае мовы, на зьмену якое ў літаратуры і рэлігіі павіна прысьці мова родная. Геніяльная вынаходка Гутэнбэрга павінна была зрабіца магутнаю крыніцаю пашырэньня кніг у роднай мове. Чэхі першыя прыступілі да друкаваньня царкоўных кніг у роднай мове, якімі яны пачалі цікавіцца асабліва ў момант найвялікшага нацыянальна-культурнага руху, злучанага з імем Гуса і яго пасьлядоўнікаў. Гусыцкі ўплыў пранікнуў на Літву і Беларусь яшчэ ў XV сталецьці. Гусыцтва атрымала пэўнае пашырэньне ў Літве ў часы Вітаўта, калі апошні падтрымоўваў гусытаў і паслаў ім на дапамогу князя Жыгімонта Корыбутавіча, дзеля няпрыязьні да імпэратара Жыгімонта, які схіліўся на бок Ордэну пры разглядзе на палюбоўным судзе тых пытаньняў, што Польшча і Літва перадалі імпэратару. З другога боку, Жыгімонт, які жадаў знайсьці мірны выхад у барацьбе з гусытамі, шукаў у літоўска-беларускім грамадзянстве дапамогі і падтрыманьня. Пераможаныя гусыты знайшлі ў Польшчы і ў Вялікім Княстве Літоўскім прыпынак. Разам з гэтым, яны зрабілі пэўны ўплыў на культурнае разьвіцьцё літоўска-беларускага грамадзянства. Друкаваньне кніг у Чэхіі зьяўляецца ўжо ў 1475-78 гадох, калі былі адчынены першыя друкарні ў Празе. Потым былі адчынены друкарні ў Пільзэне, Бруне (1686), у Ольмюцы (1500). Друкаваньне славянскіх кніг пачалося ў Кракаве. Пачынальнікам друкаваньня славянскіх кніг быў Швайпольт Фіоль, нямецкае нацыянальнасьці. У 1496 годзе Фіоль надрукаваў кірыліцай рад славянскіх кніг. Спачатку быў надрукаваны Октоіх, а потым Часаслоў, Трыодзь Посная, Трыодзь Цьвятная і Псалтыр. Выдавец імкнуўся наблізіць царкоўна-славянскую мову да жывое народнае мовы, хаця-ж гэткая тэндэнцыя ня мела значнага разьвіцьця. Але ў самых спробах нельга ня бачыць уплыву протэстанцтва і яго тэндэнцыі прыблізіць да народу кнігі сьвятога пісьма праз выданьне іх у роднай мове. Друкаваньне кніг у Кракаве ня мела значнага пашырэньня, бо Польшча ў канцы XV і ў першай палове XVI сталецьця друкавала пераважна кнігі ў лацінскай мове. Самыя выданьні Фіоля ў гэткіх умовах не знайшлі значнага пашырэньня. Сам выдавец славянскіх кніг павінен быў пакінуць Польшчу