Гэтак на асноўнае ядро сябраў Рады зьезду ў 27 чал. у большасьці махрастае правіцы было дададзена 20 прадстаўнікоў гарадоў ды земстваў і 15 прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяй. Сярод апошніх былі папы, абшарнікі, гандляры, якім Рада давала слушнае месца для разгарненьня свае супроцьрэволюцыйнае чыннасьці. Нацыянальныя пытаньні беларускага руху іх мала цікавілі. Затое іх настрой няўхільна цягнуў радаўцаў у бок паправеньня. Вось як пісала аб гэтай Радзе газэта П. Аляксюка "Беларускі Шлях": „Патрэбен некаторы час, каб фізыономія Рады прыняла ясную форму. Цэнтр і левае крыло ўзаемна прыстасуюцца: у нацыянальнай політыцы ў іх будзе мала розьніцы, у соцыяльных справах— больш"[1].
У далейшым на агеньчыкі Рады яшчэ болей стала зьбірацца з усіх канцоў Расіі „беларускіх інтэлігентаў і дзеячоў". „Беларуская колёнія" паступова расла, размнажалася і няўхільна „бялела". Хутка была наладжана сувязь між Радаю і пятлюраўцамі, а далей—між Радаю і Скарападзкім. Між акупанцкаю ўладаю і Сакратарыятам таксама адбываліся зносіны. І, нарэшце, 25 красавіка Рада Беларускае Народнае Рэспублікі дашла да кайзэрскай асобы.
Гэту працу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі зразу-ж падтрымала абраная ў студзені 1918 г. Віленская Беларуская Рада. Склад апошняе за малым выключэньнем прадстаўляў тую-ж соцыяльную катэгорыю людзей, што і склад Менскае Рады. Асабовасьць была ў нацыянальным абліччы радных: у Менску пераважалі расійскага выхаваньня беларускія дэмократы, у Вільні—дэмократы польскага выхаваньня.
Гэтак пад сьцягам Бел. Нар. Рэспублікі нарастала практыка дзяржаўнае працы правае столкі беларускае інтэлігенцыі, крэпла думка і ўпэўненасьць у яе гістарычныя мэты. Добра, што сам беларускі працоўны народ быў у баку, не перашкодзіў гэтай гульні „сваіх політыкаў" і, пакуль сядзеў ген. Фалькенгайн, не патрабаваў адчоту. Ад яго (беларускага працоўнага народу) імя ішлі перагаворы, назначаліся прадстаўніцтвы ў розных краёх і дзяржавах. Адным словам, адыгрываўся пролёг наступнае дзеі, якую хацелі бачыць і бачылі ў марах сваіх інтэлігенты—народныя рэспубліканцы. Ніводзін з іх не дапушчаў і думкі, што ўся іх гульня ў вышэйшую політыку ня мае пад сабою жаднага грунту. Усё-ж гэты грунт яны тужыліся абмацаць. Мацалі і самаўцяшалі сябе злаянымі надзеямі: а ну-ж, а ну ж бальшавікі праваляцца і іх, блудачоў, беларускі народ стрэне з радасным воклічам: „Прыходзьце да нас кіраваць і валадаць".
З гэтымі думкамі, прыемнымі, казытнымі, захапіла гэтых політыкаў нямецкая рэволюцыя і сьледам абвяшчэньне самім беларускім працоўным народам Беларускае незалежнае Савецкае Соцыялістычнае Рэспублікі 1-га студзеня 1919 г. Здавалася-б, гэта здарэньне магло-б атрэзьвіць найболей заядлых народных дэмократаў. Але на тое яны і ёсьць дэмокра-
- ↑ "Беларускі Шлях" № 19 за 15/VІІ 1918 г.