ным складзе частцы інтэлігенцыі, галоўным чынам, беларускі нацыянальны рух грунтаваўся. Побач з гэтым, важна ўлічыць і тыя інтарэсы ды мотывы, якія ўвесь час кіравалі беларускаю інтэлігенцыяй у яе працы.
Дык вось, калі крануць гісторыю інтэлігенцыі спачатку дзевятнаццатага стагодзьдзя, то мы ўбачым, што ў той час, час фактычнага станаўленьня беларускага нацыянальнага пытаньня на цьвёрдую глебу, інтэлігенцыя, надышоўшая ў гэту справу, была інтэлігенцыяй шляхецкай, дробна-буржуазнай. Выхаваньне яна атрымала ў польскай культуры, у польскіх клерыкальна-арыстократычных абставінах. Але, з аднаго боку, пад уплывам ідэй францускае рэволюцыі, з другога боку, дзякуючы экономічна-матэрыяльнаму стану, які больш падбліжаў дробную шляхту да сялянства, ніж да магнацтва, паступовая частка шляхецкае інтэлігенцыі зацікавілася беларускаю справаю і стала ёю займацца. Ды наогул цяжкі экономічны стан беларускага сялянства, яго нацыянальная прыгнечанасьць, яго някультурнасьць не маглі ня ўплываць на гарачых романтыкаў нават і з буйнае буржуазіі. Дзякуючы паказаным прычынам, у польскай пісьменнасьці сталі зьяўляцца артыкулы на беларускія тэмы, а пасьля тыя-ж польскія пісьменьнікі часткаю пачалі пісаць і пабеларуску. На беларускай мове зьявілася „Энэіда навыварат", „Тарас на Парнасе", цэлы шэраг орыгінальных твораў. Пісьменьнікі Я. Баршчэўскі, В. Рыпінскі, Т. Манькоўскі і інш. адцягнуліся ад польскае літаратуры і заняліся беларуска-літаратурнай чыннасьцю. Я. Чачот стаў зьбіраць беларускую народную творчасьць. Іхняя праца падала на добрую глебу, знаходзячы сабе моцную падтрымку ў шырокіх колах тагачаснае інтэлігенцыі. Пазьней крыху А. Дарэўскі-Вярыга, В. Каратынскі і В. Дунін-Марцінкевіч— асабліва апошні—яшчэ болей паглыбілі зацікаўленасьць шляхецкае інтэлігенцыі беларускаю справаю, аддаючы ў сваёй літаратурнай працы большую ўвагу пісьму пабеларуску. Але, пішучы аб Беларусі, цікавячыся народным бытам, яго творчасьцю, як памянёныя пісьменьнікі, гэтак і ўся інтэлігенцыя мала цікавіліся соцыяльнымі ўмовамі жыцьця беларускага сялянства. Як-ні-як, а экономічны стан шляхты, яе прывілеі ў дзяржаўным жыцьці, яе культурны ўзровень, не давалі хоць і лепшым яе прадстаўніком цалком аддацца на ўслужзньне народу, кінуўшы свае клясавыя імкненьні. І зацікаўленьне беларускім рухам дробна-шляхетныя інтэлігенты абварачалі часта ў дылетанцтва, у лепшым выпадку, у романтычныя мары. „Яны (тагачасныя пісьменьнікі, якія і складалі актыў інтэлігенцыі) пісалі дзеля задаваленьня свайго сэрца, свайго романтычнага пачуцьця, у лепшым выпадку, ставячы сабе некаторыя заданьні ў кірунку паляпшэньня долі народу, зьмякчэньня панскіх адносін да мужыкоў і разьвіцьця краё вае культуры"[1].
Але і самых выпадкаў, калі „ставіліся заданьні аб паляпшэньні долі народу", было зусім мала; больш на гэта налёг толькі В. Дунін-Марцін-
- ↑ М. Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. Стар. 160.