Раз пан заехаўся у тую вёску, дзе жыў бедны, і пачало карціць яму, каб даведацца, як магла угадаць ягоные загадкі такая маленькая дзяўчынка? Пэўне гэта яна якая ня простая! Заехаўся на панадворак, бацькі не было дома і матка была у полі — дома была адна толькі тая дзяўчынка.
Пан пытаецца у яе: „дзяўчынка, да чаго мне прывязаць коні?“
А яна яму тады кажэ: „а ці к зіме прывяжы, ці к лету!“
А пан стаіць, вочы вылупіў, не разбярэ, што такое зіма, што такое лета?“
Тады ён пытаецца: „скажы-ж мне, дзяўчынка, — што такое зіма, а што такое лета?“
Яна тады кажэ: „ну, хоць к калёсам прывяжы, а хоць к саням.“
Пан гэты пабыў там, палюбаваўся, бачыць: дзевачка гожая, вумная, — і сказаў ей: „скажы, каб у вечэры твой бацька прыйшоў ка мне!“
Калі бацька прыйшоў дамоў, яна і кажэ: „вот, татачка, быў тут пан і казаў, каб ты у вечэры прыйшоў у двор.“
Гэты мужык зара пайшоў да пана, а пан яму і кажэ: „нішто, разумную дачку маеш. На-ж табе лубку яец; скажы ей, каб квакуху пасадзіла і вывела мне к заўтраму на сьнеданьне курчат.“