пункту дня была вынесена наступная пастанова аб зьезьдзе сэкцый, які-б абгаварыў пытаньне пра заснаваньне Беларускай Савецкай Рэспублікі: „Дэлегаваць у Беларусь двох прадстаўнікоў сэкцыі—т. т. П. Клыша і Б. Майзеля, якім даручыць наладзіць сувязь з краёвым камітэтам і іншымі комуністычнымі організацыямі ў Беларусі і паведаміць іх пра скліканьне Усебеларускага зьезду прадстаўнікоў комуністычных організацый у Маскве. Апрача гэтага, дэлегаваць у Петраград т. т. З. Жылуновіча і А. Чарвякова, а ў Саратаў, Тамбоў і інш. гарады Расіі—т. А. Дзедзю, якім даручаецца таксама наладзіць зносіны з беларускімі комуністычнымі організацыямі, якія ёсьць у гэтых гарадох, і запрасіць іх прыняць удзел на вышэйпамянёным зьезьдзе". У дадатак да гэтае пастановы было вырашана склікаць на 8 сьнежня беларускі мітынг-протэст проці падзелу Беларусі. Гэткім чынам, сэкцыя хутка апанавала станам і асноўныя пытаньні беларускага жыцьця ўзяла пад сваю ахову і пад сваё кіраўніцтва з мэтаю іх разьвязаньня. Як відаць з пастановы камітэту, насьпеласьць гэтых пытаньняў была поўнай, калі яна вымусіла закрануць магчымасьць беларускага комуністычнага зьезду. На першым пасяджэньні камітэт сэкцыі, апрача асноўнага пытаньня пра скліканьне зьезду сэкцый, разгледзеў пытаньне пра формаваньне беларускіх вайсковых часьцей, але ніякае пастановы ня прыняў. З прынятых ім пастаноў на гэтым паседжаньні трэба адзначыць пастанову наконт рэорганізацыі Беларускага нацыянальнага камісарыяту. У ёй гаворыцца: „Каб выканаць пастанову агульнага сходу сэкцыі 24 лістапада адносна ўскладзенага на камітэт кіраўніцтва Беларускім нацыянальным камісарыятам і контролю над ім, пастанаўляецца: даручыць т. т. Фальскаму, Няцэцкаму і Клышу зьвярнуцца да Народнага камісарыяту па нацыянальных справах за растлумачэньнем з прычыны рэорганізацыі Белнакому і скарачэньня ў ім штатаў зрабіць пропозыцыю аб тым, каб замест кіраўнічага справамі Беларусскага нацыянальнага камісарыяту—была вызначана пасада камісара, каб пашырыць компэтэнцыю і правамоцнасьць Белнакому; увясьці ў яго колегію двох прадстаўнікоў ад сэкцыі, а менавіта—т. А. Чарвякова і т. І. Няцэцкага". Пастанова камітэту сэкцыі была хутка ажыцьцёўлена. У Народным камісарыяце па справах нацыянальнасьцяй згадзіліся на паданы проект рэорганізацыі Беларускага нацыянальнага камісарыяту. Больш таго, інформацыя Народнага камісара па нацыянальных справах т. І. Сталіна праз дэлегацыю з т. т. Я. Дылы, І. Няцэцкага і З. Чарнушэвіча выклікала шэраг новых пытаньняў, якія былі тут-жа падрабязна абгавораны. Паведамленьне пра гэту гутарку, зробленае на агульным сходзе маскоўскай сэкцыі 15 сьнежня т. т. Дылам, Чарнушэвічам і Няцэцкім, зрабіла вялікае ўражаньне на ўсіх яго ўдзельнікаў. Можна было бачыць, што праца камітэту сэкцыі па скліканьню зьезду беларускіх сэкцый зусім ня ўхіляецца ад агульнай політыкі партыі па нацыянальным пытаньні.
Старонка:Беларускія сэкцыі РКП і стварэньне Беларускай Савецкай Рэспублікі.pdf/10
Гэта старонка была вычытаная