абагульненае гаспадаркі. Наяўнасьць у краіне маёнткаў з шырокім ужываньнем парабкоўскае працы надае ўпэўненасьці ў тым, што комуны будуць найлепшаю формаю зямлякарыстаньня і для сельскага безьзямельнага пролетарыяту.
Разам з тым конфэрэнцыя выказваецца за выкарыстаньне вялікіх панскіх маёнткаў пад буйныя савецкія гаспадаркі, як гаспадаркі ўзорныя, што вытвараюць максымум сельскагаспадарчых продуктаў. Гэта дазволіць савецкай уладзе з большым посьпехам вырашыць харчовае пытаньне, разбураючага ўплыву якога так упэўнена чакаюць ворагі рабоча-сялянскай улады".
* * *
Апроч паданых у нашым нарысе важнейшых пастаноў і рэзолюцый, конфэрэнцыя прыняла яшчэ шэраг рэзолюцый па іншых пытаньнях, якія яна абгаворвала. Так, трэба адзначыць пастановы аб культурна-асьвет най рабоце, аб агітацыйна-політычнай і організацыйнай рабоце і сродках для яе, аб мобілізацыі комуністых-беларусаў, аб органе бюро сэкцыі і інш. Таксама конфэрэнцыя прыняла адозву да „Беларускага народу"[1].
Бягучымі справамі конфэрэнцыя заняла сваё апошняе пасяджэньне 23 сьнежня. Бягучыя справы ахапілі сабою інформацыю т. Лагуна пра становішча каля Баранавіцкага раёну, куды ён накіроўваўся Белнакомам, інформацыю т. Клыша пра работу і яе ўмовы ў Менску і выбары цэнтральнага бюро сэкцый. Абраньне бюро стаяла апошнім. Праз галасаваньне запіскамі абраны былі ў цэнтральнае бюро беларускіх сэкцый РКП(б) наступныя таварышы: З. Жылуновіч, Ф. Балбека, А. Чарвякоў, І. Няцэцкі, М. Дракон і Я. Дыла. Цэнтральнаму бюро было даручана склікаць Усебеларускі зьезд комуністычных сэкцый пасьля партыйнай конфэрэнцыі ў Смаленску, назначанай на 27 сьнежня. Якраз у часе выбараў бюро маскоўская сэкцыя атрымала тэлеграму са Смаленску за подпісам сакратара Абласнога камітэту РКП(б) т. Кнорына з запрашэньнем прыслаць прадстаўнікоў на памянёную конфэрэнцыю ў Смаленску. Пасьля абгавору конфэрэнцыя вылучыла з свайго складу дэлегатамі ў Смаленск трох таварышоў: П. Клыша, В. Ханіна і Я. Лагуна. Заключнай прамовай старшыні конфэрэнцыя была зачынена а палове першай гадзіны ўночы. Удзельнікі конфэрэнцыі з уздымам і натхненьнем прасьпявалі перш Інтэрнацыянал, а пасьля беларускую марсэльезу.
* * *
Хутка пасьля конфэрэнцыі беларускіх сэкцый РКП(б) абранае ёю цэнтральнае бюро накіравала да тав. Сталіна некалькіх членаў бюро для інформацыі пра пастановы і працу конфэрэнцыі. Таксама протокол работ і пастаноў быў разасланы вышэйшым партыйным установам.
- ↑ Адозва гэта надрукавана ў № 1 (45) „Дзяньніцы", у органе Народнага камісарыяту па нацыянальных справах „Жизнь национальностей" і ў шэрагу іншых газэт.