Гэткім чынам у гісторыі беларускага соцыялістычнага руху адчынілася новая памятная яго старонка. Значнасьць гэтага моманту была вялізарнай. Адразу праца камісарыяту набыла іншы, больш продукцыйны і эфэктоўны выгляд, аўтарытэт яго намнога ўзрос. З другога боку, сэкцыя пацягнула да сябе шмат каго з беларусаў-комуністых, якія чакалі магчымасьці ехаць на працу ў Беларусь. Заснаваньне беларускай маскоўскай сэкцыі РКП таксама памусіла шмат якіх беларусаў—рабочых і быўшых членаў іншых партый—увайсьці ў шэрагі РКП.
Праца сэкцыі навочна шырылася, захапляла пад свой уплыў рознастайныя моманты беларускага жыцьця ў РСФСР. Са сьнежня месяца газэта Беларускага нацыянальнага камісарыяту „Дзяньніца" зрабілася і органам сэкцыі. Тымчасам адбіліся падзеі, зьвязаныя са сканчэньнем сусьветнае вайны ў канцы кастрычніка і з выбухам нямецкае рэволюцыі (9 лістапада). Беларусь пасьля гадовае окупацыі далучалася да новага савецкага жыцьця.
Маскоўская беларуская сэкцыя РКП(б) ясна ўяўляла сабе, якія вялікія заданьні выплываюць з гэтага факту і становяцца перад ёю. Зараз-жа былі наладжаны зносіны з Менскам, шэраг таварышоў накіраваўся ў розныя гарады РСФСР, дзе меліся беларускія комуністычныя сэкцыі, каб з імі таксама наладзіць зносіны. Гэткія сэкцыі былі ў Казані, у Саратаве, у Казлове, у Тамбове і інш. Шырокім фронтам распачалася організацыя беларускіх комуністычных сіл і падрыхтоўка іх для працы ў Беларусі. Пэрспэктывы гэтае працы надавалі натхненьне сваёю вялікасьцю і гістарычнай значнасьцю. Усё выразьней выпуклялася ідэя агалашэньня Беларускае Савецкае Соцыялістычнае Рэспублікі. Ідэя гэтага насілася ў паветры ўжо пры заснаваньні Беларускага нацыянальнага камісарыяту. Дэклярацыя праў народаў і самы факт існаваньня народнага камісарыяту па нацыянальных справах былі першымі падвалінамі далейшае нацыянальнае політыкі комуністычнае партыі і савецкае ўлады. А Беларускі нацыянальны камісарыят зьявіўся першаю ячэйкаю беларускай савецкай дзяржаўнасьці. Гэта разумеў кожны комуністы-беларус, гэта стаяла ў парадку ажыцьцяўленьня заваёў Кастрычніка. Таму, вядома, неаднакроць і ў рознастайных формах варочалася да гэтага пытаньня пецярбурская беларуская сэкцыя РКП(б). Сходы матросаў і бежанцаў у Пецярбурзе і зьезд бежанцаў у Маскве выносілі пастановы пра канечнасьць абвяшчэньня Беларускай Савецкай Рэспублікі.
Маскоўская сэкцыя застала моцна ўзрушанай гэту думку і мусіла паставіць яе вырашэньне ў програму свае чыннасьці. На першым паседжаньні камітэту 27 лістапада 1918 году маскоўскай беларускай сэкцыі ў складзе 9 таварышоў—З . Жылуновіча, П. Клыша, З. Чарнушэвіча, А. Чарвякова, А. Дзедзі, І. Нацэцкага, Я. Дылы, І. Мазура і У. Фальскага, пасьля першага пытаньня пра выбары прэзыдыума[1], па другому
- ↑ У прэзыдыум сэкцыі былі абраны: старшынёй—З. Жылуновіч, тав. старшыні—П. Клыш, Сакратаром—З. Чарнушэвіч, другім сакратаром—А. Дзедзя і скарбнікам—Я. Дыла.