Старонка:Беларускі народ і яго мова.pdf/10

Гэта старонка была вычытаная
— 4 —

-беларусаў (не гаворачых дома папольску) лічаць палякамі. Каталіцтво на беларускай тэрыторыі заміж праваслаўя зьявілося больш менш прыметна толькі па шлюбе Ягайлы з Ядвігаю (1386 г.) у XІV веку; яно значна было аслаблено у часе пашырэньня ў ХVІ-м веку протэстантызму. Трапіўшые сюды ў канцы ХVІ-га веку езуіты значна паднялі каталіцтво, асабліва сярод вяльможнага панства і часткаю сярод меськага насяленьня, але ўсё гэта былі прадстаўнікі беларускага народу і літоўцаў: палякі-колёнізатары зьявілісь на Беларусі толькі па Люблінскай вуніі (1569 г.). галоўным чынам шляхты і часткаю рамесьнікі, але, наагул, у нязначным ліку. Польскай культуры першымі паддаліся вяльможные беларуска-літоўскіе паны, каторые потым і зусім апалячыліся; маса-ж каталіцкая заставалася беларускай, якою застаецца і дагэтуль. Такім чынам, на Беларусі прыналежнасьць да каталіцкай рэлігіі ані як ня можа служыць азнакаю пахаджаньня асобы з польскай народнасьці; іншая справа—асобы зусім апалячаные, г.-з. гаворачые толькі папольску і прыняўшые польскую культуру—гэтакіх прымусам далучаць да беларусаў нельга.

З пункту рэчы антрополёгічнай, самай пэўнай азнакай прыналежнасьці да тэй ці іншай народнасьці служаць фізычные рысы племя (выгляд, колер твару, будова галавы, колер і форма валасоў і воч, форма губ і т. п.). Але ў беларусаў гэтые рысы ня вельмі тыпічные ў параўнаньні з велікарусамі і ўкраінцамі, а так сама з палякамі, літоўцамі і латышамі. Апарт таго, ў іх няма адзінства тыпу, што і натуральна, бо у склад беларускай народнасьці ўвашлі розные пляменьні, складаўшые галіны рускіх славян; некаторые з паміж іх, як сьведчыць летапісец, былі навет сваякамі ляхам. На заходняй акраіне з беларусамі зьліліся некаторые літоўскіе і латыскіе пляменьні. Зьмяшаньне адбываецца і цяпер. Такім чынам, фізычные рысы могуць служыць толькі дапамогаю для гістарычнай этнаграфіі.

Разабрацца ў заблутаных гістарычных пытаньнях памагаюць гэтак сама дасьледзіны над бытавымі асаблівасьцямі народу: будовай хат, вопраткай, работамі, а гэтак сама над забабонамі і, наагул, унутраным жыцьцём і―скажам так—культурай народу. Але і гэта толькі падручные азнакі, ў дадатак яшчэ мала збаданые.