яна ўжо вярнулася з далёкага выраю ды зьвініць у ясным небе дзіўнаю песьняю!
Рад Янук, што першы пачуў жаваранку, ды пабег хваліцца сваім сябром. Дзеці выходзілі на двор слухаць першую песьню вясны. І ім было весела.
Кожную новую птушку дзеці сустракаюць з радасьцю. Цераз некалькі часу прылятае шпак. Холадна, туман, а ён і ня дбае: сьпявае на ўсё поле вясёлыя песьні, седзячы дзе-небудзь на голай бярэзіне, як-бы й холаду яму няма!
У канцы сакавіка зьбіраецца ўжо шмат птушак. У лесе сьпяваюць дразды, лясныя жаваранкі, а па балоце важна пахаджае бусел. Па стрэхах бегаюць падманкі ды трусяць сваімі доўгімі хвастамі. Ластаўкі прылятаюць пазьней, калі ўсё зазеляніцца ды зьявяцца мошкі.
24. Навальніца.
Вецер угаманіўся ды сьціхнуў зусім. Сонца высока стаіць на небе ды бяз жалю паліць землю. К поўдню сталі паказвацца вадзяністыя, з цемнаватымі сярэдзінамі хмаркі. Сонца пачынае бродзіць па гэтых хмарках, і цень невялічкімі лапінкамі паціху поўзае па зямлі паводле таго, як ідзе сама хмарка ў небе.
З аднаго боку неба пачынае чуць-чуць цямнець. У тым месцы, дзе неба быццам стыкаецца з зямлёю, падымаецца хмара — чорная, страшная. Уперадзе, як горы, ідуць клубкамі, з чарнаватымі краямі, асобныя хмары. Яны расьцілаліся па небе, як дым, ды як-бы цягнулі за сабою чорную, густую, гладкую сьцяну.
Ціха, важна, спакойна, густа й страшна пракаціўся ў небе першы гром. Далёка над лесам бліснула маланка — яркая, борздая — ды накрыж перасекла хмару. Маланка часьцей ды ярчэй барануе неба, часьцей грыміць гром, і падыходзяць бліжэй і бліжэй хмары. Ціха зрабілася ўсюды.
Людзі, як мурашкі, забегалі па лузе, складаючы на скорую руку сена ў копы. У вадзін мамэнт тысячы коп сена вырасьлі на грудох. А лісьцік на дрэве, тра-