§ 23. Пункт, клічнік і пытальнік.
Правіла 1. 1) Калі сказ выражае пытаньне, то пасьля яго ставіцца знак пытаньня — пытальнік (А хто там ідзе? Адкуль тут музыка нясецца? Чыя то песьня ў душу льлецца?).
2) Калі ў сказе выражаецца загад, покліч, просьба, перасьцярога або выказваецца гора, радасьць, страх, зьдзіўленьне ці што падобнае, то пасьля яго ставіцца клічнік (Зачыняйце шчыльна дзьверы! Гайда сьцежкі пракладаць! Хай пачуюць, як сэрца начамі аб радзімай старонцы баліць).
3) Калі-ж сказ не выражае ні пытаньня, ні поклічу, а толькі апавядае, то ў канцы яго ставіцца пункт (Вецер у восень жудою шуміць. Сонца навукі скрозь хмары цёмныя прагляне ясна над нашай ніваю).
- Увага. Часам сказ можа быць клічна-пытальны або пытальна-клічны; тады ў канцы яго ставіцца клічнік з пытальнікам (!?) ці пытальнік з клічнікам (?!), прыкладам: Куды толькі думка тая матку не заносіць!? Дык хіба-ж мы праў ня маем, сілы — шлях свой вызначаць?!
Практыкаваньне 1. Выпісаць спачатку сказы клічныя, потым — апавядальныя, а нарэсьце — пытальныя.
Спарахнела наша хата. А што бяжыць бяз повада? Па вуліцах пацяклі равочкі каламутнае вады. Няхай лепш хмара з градам зьнікне ў чыстым полі! Кіньма думкі аб долі гаротнай! Ці ня вецер гэта звонкі ў тонкіх зёлках шапаціць? Або мо’ сухі, высокі ля ракі чарот шуміць? А дзе-ж тая крынічанька, што голуб купаўся? У небе зоркі ад марозу пахаладзелыя стаяць. Няхай нас сустрэнуць з сярпамі, з касамі грамады працоўных людзей! Хто ў прыпар