злажылі, ды не надоўга. Шырокі двор, да невялікі збор). Але калі злучнікі ды, да стаяць заместа і, то коска ня ставіцца. (Прыляцела ластаўка з далёкага выраю ды зашчабятала. Жыў сабе дзед да баба).
ЗАДАЧКА 4-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, коску.
Абы дзень прашоў ды да нас дашоў. Рад-бы даць шага на малебен да самому патрэбен. Ня зыч ліха другому каб не давялося самому. Хоць сьпіна гола да свая воля. Ідзі да ня баўся. Праз некалькі дзён поле зазелянела ды зноў выглядае сьвежа й прыгожа. Дуб вялік да дуплават. Высока падняў да зьнізу не падмураваў. Селяніну лета як сьвятому рай. За маё жыта ды мяне-ж пабіта. Свае бяды нікому не кажы бо добры зьлякнецца а злы пасьмяецца. Кожнае каліва жыта зялёны каласок выпускае ды становіцца паважным бо яно пачувае што трымае вялікі скарб для людзей. Збожжа сушаць на сонцы ці на печы ды мелюць у жорнах ці ў мліне. З печы вымаюць гатовы хлеб які можна есьці як толькі крыху астыне. Шмат трэба часу й працы каб мець бохан хлеба. У моры жыве шмат усялякае рыбы якая ў нас не вядзецца. Варочаюцца птушкі ў родны край дзе летась пакінулі свае гнязьдзечкі. Хоць усім братом ня вельмі соладка жылося але меншаму брату выпала самая горшая доля. Ціха было на сэрцы як ціха была сама цёмная ночка. Жаль прападаў як прападае туман з усходам сонца. Чалавек разумее што яму кажуць. Чалавека разумеюць другія людзі бо чалавек мае дар слова. Чалавек можа ўявіць сабе тыя рэчы якіх няма перад вачыма. Доўг не раве а спаць не дае. Было відаць што не на пажытак пазьбіраліся тут птушкі а дзеля якойсь іншай справы. Сонца даўно ўжо зьвярнула з поўдню але сьвяціла яшчэ горача. Сьнег блішчаў як халодная сталь.
Правіла 10. Кропка з коскай. Калі ў складаным сказе незалежныя сказы нічым ня зьвязаны і ня зусім кароткія, то паміж імі ставіцца кропка з коскай. (Пішчаць дзесь чайкі на балоце; пліска трасе хвастом на плоце; турчыць працяжна жабін хор, і дзеці рвуцца з хат на двор). Але калі незалежныя сказы зусім кароткія, то паміж імі ставіцца толькі коска. (Лес гудзе, дрыжаць галіны, стогне бор хваёвы).