пугач сьвістаў у гнілой капліцы. Бяда як дуда пачнеш дуць, дык аж сьлёзы набягуць. За сталом сядзела ўся сям’я скраю — бацька, каля яго — матка, а пры маці — Наста з братам. Лятуць птушкі ў вырай розна, неаднолькава жураўлі — ключамі, гусі — наўскось радком, качкі — папярочнымі роўнымі радамі, а шпакі й салаўі — чародкамі. Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы казьлякі, асавікі, лісіцы, сыраежкі і іншыя. Вось на сьвеце як бывае хто працуе, той і мае. Зайцы бываюць двух сартоў шаракі й белякі.
§ 30. Знакі прыпынку ў зьлітым сказе.
Правіла 12. У зьлітым сказе падобныя члены аддзяляюцца коскаю:
1) калі яны ня зьвязаны ніякім злучнікам. (Кругом круціць завіруха, гуляе, шуміць);
2) калі злучнікі паўтараюцца. (Будуць ветры за вугламі выць і плакаць, і стагнаць. У раньнюю вясну ні ў полі, ні ў лесе няма ні ягад, ні кветак, ні грыбоў. Ні цьмы тэй, ні сьнегавай плесьні. То лясок, то луг, то поле, то лужок зялёны);
3) калі аднакія члены зьвязаны злучнікамі а, але, ды (=але). (Саха й барана самі не багаты, а ўвесь сьвет кормяць. Паехаў баранаваць, але да поля не даехаў. Жыта злажылі, ды не надоўга).
- Увага 1-ая. Коска ня ставіцца: 1) пасьля апошняга падобнага члену. (Восень халодная, чорная, хмурная сунецца ціха, нячутна штодня);
- 2) калі перад аднакім членам стаіць адзін раз і. (Перад ім цьвілі і пахлі лугі і нівы залатыя);
- 3) калі злучнік і замяняецца злучнікам ды. (Сонца высока стаіць на небе ды бяз жалю паліць землю);
- 4) калі злучнікі або, ці замяняюцца злучнікамі і. (Жыта жнуць, вяжуць, сушаць, звозяць у гумны або складаюць у копы. Жыта сушаць на сонцы ці дома на печы ды мелюць у жорнах або ў мліне).
- Увага 2-ая. Трэба адрозьніваць злучнік і ў зьлітым сказе ад злучніка і, якім пачынаецца новы сказ з сваім асобным дзейнікам; тады перад і ставіцца коска. (Сонца прыгрэе, і сьнег растае. Хутка расьце жыта, і цешыцца сэрца працавітага гаспадара).
- Увага З-яя. Злучнік „і“ можа быць памацняльным словам, напр.: Вот і ўсё. Вот і добра. І туз часам ваду возіць.