Гэта старонка не была вычытаная
- Часам „і“ мае значэньне прыслоўяў „нават“, „таксама“, напр.: Няўжо-ж ты й гэтага ня ведаеш?
- Калі „і“ служыць памацняльным словам або прыслоўем, то пасьля галоснага перад зычным перастае быць складовым (скарачаецца) ды вымаўляецца зьлітна з папярэднім словам, напр.: То й добра. Галоднаму й пушнінка — малінка. Сіла й салому ломіць. Вот табе й на! Прышло й лета.
- Але калі на памацняльнае „і“ наўмысьля робяць націск, то яно „не скарачаецца“, хоць-бы сабе стаяла паміж галосным і зычным, напр.: Адны вочы і плачуць, і сьмяюцца. Ляніваму каню і дубіна ня страшна. Аднаму і ў кашы ня спорна. Пасьля паўзы (на пісьме — пасьля знаку прыпынку) таксама знаходзім „і“ складовае (нескарочанае), напр.: Тут былі — і старыя, і малыя, бабы й дзеці. Ідзе жняя, і весела пяе.
- Будучы злучнікам, „і“ падмяняецца нескладовым „й“, пры тых-жа самых фонэтычных умовах, але толькі ў тых разох, калі злучае аднолькавыя часьціны зьлітага сказу, што ня маюць пры сабе паясьняльных слоў, г. зн., у тых адно разох, калі „і“ злучае чыстыя аднолькавыя часьціны зьлітага сказу, напр.: Гром гудзе й гудзе бесперастанку. А цёмната ўсё гусьцее й гусьцее ды закрывае ад вачэй і поле, і лес. Тут поплеч рэчка й поле. Пуста й гола ўсюды. Бацька й маці вярнуліся з поля. Саха й барана самі не багаты, а ўвесь сьвет кормяць.
- Але калі паміж аднолькавымі часьцінамі зьлітага сказу стане паясьняльнае слова, або калі яны разаб’юцца іншаю часьцінаю сказу, то злучнік „і“ застаецца складовым (нескарочаным), напр.: Яны разам вучыліся і разам пасьвілі авечкі ў полі. Ён цяпер мае свой прытулак, жывёлу і свой кусок хлеба. Стаіць машына, грозна дыша і сівым дымам цяжка пыша. Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы: казьлякі, асавікі, мухаморы і іншыя.
- У вершах дзеля складнасьці „і“ можа быць складовым і нескладовым незалежна ад пералічаных умоў, напр.: Стогне, плача і галосіць завіруха злая. Конік, сошка і араты мерна йдуць па полю. У стуку і груку забудзем мы муку працы свае.
Практыкаваньне 7. Сьпісаць ды заўважыць знакі прыпынку ў зьлітым сказе.
Конік, сошка і араты мерна йдуць па полі. На зіму абміраюць і вужакі, і жабы, і яшчаркі. Сонца даўно ўжо зьвярнула з поўдню, але сьвяціла яшчэ горача. Працуюць людзі, поту ня чуюць, аруць і сеюць, і барануюць. Песьні, крык і гоман слухаў дзед Завала. І зелень, і кветкі, і песьні, і неба вясёлая яснасьць. Тут былі і старыя, і малыя, бабы і дзеці. Вераб’і, вароны й галкі любяць жывіцца атрускамі ад чалавечай яды. Адны вочы і плачуць, і сьмяюцца. Вербы