7. Трохкроп’е.
Трохкроп’е, або шматкроп’е, ставіцца:
Пры недаказе або перарыве мовы (§ 32, § 36), пры выражэньні моцнага пачуцьця (Тхор!.. тхор!.. дзяржы яго!.. дзяржы псяюху!.. Эх, ды й тхор-жа!.. Восьць, аж зьзяе!.. Я. Кол.).
8. Кропка з коскай.
Кропка з коскай, або пункт з коскай, ставіцца:
Паміж сузалежнымі сказамі (§ 32), паміж аднароднымі членамі ў зьлітым сказе для больш выразнага чытаньня, асабліва тады, калі яго члены значна пашыраны (Пададожны расказаў людзям аб працы і вялікіх турботах, ім перанесеных; аб вышыні тых гор, якія ён бачыў; аб глебе ў тых краёх, надзвычайна ўрадлівай; пра зьвяроў і птушак, невядомых у нашым краі; пра людзей з непадобнай, інакшаю гаворкай), паміж злучанымі сказамі (§ 32), у кругасказах (§ 36).
9. Пункт.
Пунктам аддзяляюцца адзін ад другога такія простыя й сустаўныя (складаныя) сказы, што замыкаюць у сабе думку пэўную, зусім закончаную (Гарачы дзень. На полі душна. Прыціх той ветрык непаслушны, як-бы сваім аддаўся марам. Зацішак поля дыша варам і гоніць з твару поту рагі, і сохнуць губы ад тэй смагі. А жнейкі жнуць. У моры збожжа мільгае постаць іх прыгожа. Я. Кол.)
ЗАДАЧКА 12-ая. Аб’ясьніць знакі прыпынку.
Устань ты, старонка — родная маці! Годзі зімовага рабскага сну! Выйдзі на поле, на сенажаці, выйдзі спаткаці вясну! Я. Куп. За праўду, за шчасьце, за лепшую долю вазьміся, мой дружа, пастой; у крыўду ня дайся, свайго дабівайся, адвага хай будзе з табой! Хай горкія сьлёзы, што ў сьпеку, ў марозы ліюцца па беднай зямлі, дадуць табе, браце, сіл гора змагаці і ў сэрцы распаляць агні! Я. Куп. Ранюткі час. Нідзе нікога. Між дрэў зьвіваецца дарога, а па дарозе ты з кашом у лес шыбуеш ціхачом. Я. Кол. Весела пазірае ўвесну сонца на зямлю, як маці на сваё дзіця: загляне яно ўсюды — і ў бедную сялянскую хату, дзе